На главную страницу На главную страницу  
На главную страницу На главную страницу
На главную страницу На главную страницу   На главную страницу
На главную страницу   На главную страницу


ПУБЛИЦИСТИКА

У ПАМЯЦЬ АСВЕТНІКА І АБАРОНЦА ПРАВАСЛАЎЯ

26 лютага — дзень памяці дабравернага князя Канстанціна (у святым Хрышчэнні Васілія) Астрожскага (1526–1608), знакамітага царкоўнага і дзяржаўнага дзеяча, дыпламата і асветніка, абаронца Праваслаўя. Да гэтай даты былі прымеркаваны чарговыя Астрожскія чытанні, арганізаваныя Брацтвам у гонар мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў Мінску. На пачатку была адслужана паніхіда ў памяць князя, а таксама іншых прадстаўнікоў слаўнага роду Астрожскіх. Сярод удзельнікаў чытанняў былі царкоўныя гісторыкі, навукоўцы, студэнты, братчыкі, прыхаджане.

Нарадзіўся К.К. Астрожскі ў сям’і найвышэйшага гетмана Вялікага княства Літоўскага, знакамітага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча князя К.І. Астрожскага. Месцам нараджэння быў горад Тураў — родавае ўладанне маці Аляксан¬дры з Алелькавічаў. Тут К.К. Астрожскі правёў дзяцінства і юначыя гады, прыязджаў, калі быў ваяводам Кіеўскім, каб адпачыць і паправіць здароўе. Дарэчы, у Тураве ўжо ў наш час да 390-годдзя памяці (1998) яму ўстаноўлены памятны знак. Яго можна пабачыць на падворку тураўскай царквы ў гонар Усіх Святых.

У асабістым жыцці князь Канстанцін шмат увагі ўдзяляў рэлігійнай практыцы. У час Вялікага посту ён аддаляўся ў манастыр, дзе праводзіў час у посце і малітве. У сваіх уладаннях Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, якія з’яўляліся асяродкамі духоўнасці, асветы і культуры.

Ужо ў ранняй маладосці князь К.К. Астрожскі вылучаўся з асяроддзя мясцовых магнатаў. У 27 гадоў ён быў старастам Уладзімірскім, у 32 — ваяводам Кіеўскім. З узростам князь стаў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам Праваслаўя. Ад сваіх продкаў ён пераняў права і абавязак апекі над Праваслаўнай Царквой і яе паствай. Гэтае права афіцыйна пры¬знавалася як вышэйшай царкоўнай, так і свецкай уладамі.

Гэта быў час надзвычайнага напружання ў міжканфесійных адносінах, пэўнымі сіламі вялася падрыхтоўка царкоўнай уніі з Рымам. К.К. Астрожскі ўсю сілу свайго духу накіраваў на абарону правоў і годнасці праваслаўных. Ён звяртаўся да караля, вёў перапіску з епіскапамі, звяртаўся з пасланнямі да ўсіх праваслаўных жыхароў Вялікага княства Літоўскага. Калі ж справа дайшла да склікання Брэсцкага уніяцкага сабора, князь Канстанцін быў адным з ініцыятараў склікання ў супрацьвагу уніятам праваслаўнага сабора ў Брэсце. Праваслаўны сабор прыняў пастановы, у якіх асудзіў некананічны акт прыняцця уніі і заявіў аб непадпарадкаванні уніяцкай іерархіі.

Ва ўмовах, калі праваслаўныя аказаліся бяспраўнай меншасцю, князь быў найбольш аўтарытэтным і ўплывовым абаронцам правоў праваслаўнага насельніцтва на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

В ялікая заслуга князя К.К. Астрожскага ў духоўным асветніцтве. Ён глыбока разумеў, што без адпаведных навучальных устаноў, без кніжнасці немагчыма з поспехам адстойваць свае правы і пашыраць сваю веру. Праваслаўныя на той час мелі толькі школы пісьменнасці пры храмах і манастырах, дзе можна было атрымаць пачатковую адукацыю. Таму князь Астрожскі аказваў пастаянную падтрымку школам, якія ў канцы XVI ст. сталі ўзнікаць пры праваслаўных брацтвах. Каля 1576 г. на свае ўласныя сродкі ў родавым памесці Астрог ён заснаваў школу, якая пазней стала называцца Астрожскай акадэміяй. Школа мела трохступенны характар, уключала элементы пачатковай, сярэдняй і пачаткі культурныя дзеячы, пісьменнікі і перакладчыкі — Мялецій Сматрыцкі, Захарыя Капысценскі, Стэфан Зізаній, Андрэй Рымша і іншыя.

Імя К.К. Астрожскага непасрэдна звязана з падрыхтоўкай і выданнем знакамітай Астрожскай Бібліі, якая стала вялікім духоўным скарбам усяго славянскага і хрысціянскага свету. Астрожскі звод Бібліі, у падрыхтоўцы і рэдагаванні якой браў удзел сам князь, стаў адзіным кананічным тэкстам, які забяспечваў літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу чатырох стагоддзяў.

Шырокую вядомасць мела і Астрожская друкарня, дзе пры падтрымцы князя друкаваліся кнігі Свяшчэннага Пісання, падручнікі, палемічная літаратура на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах.

Як пры жыцці, так і пасля смерці імя князя Астрожскага заставалася сімвалам патрыятызму і адданасці веры бацькоў. Яму яшчэ пры жыцці прысвячалі панегірыкі, пахвальныя словы, прадмовы да кніг. «Парасткам Уладзіміра Вялікага, які рускую зямлю ахрысціў», называў князя К.К. Астрожскага ў 1598 г. епіскап Іпацій Пацей. Пісьменнік Герасім Сматрыцкі ў вершы, якім завяршыў прадмову да Астрожскай Бібліі, таксама падкрэсліваў не толькі кроўную, але і духоўную пераемнасць Астрожскага са святым Уладзімірам:

«Владимир бо свой народ крещением просветил, Константин же благоразумия писанием осветил...»

Нават ідэолаг езуітаў Пётр Скарга прысвяціў князю як чалавеку «першаму ў тым грэчаскім законе і нараджэннем ад вялікіх продкаў, і найбольшаю заможнасцю» палемічны трактат «Пра еднасць Божае Царквы» (1577).

У XIX ст., калі пачалося актыўнае даследаванне гістарычнага мінулага беларускіх і памежных з ёю земляў ВКЛ, імя К.К. Астрожскага не было абыйдзена ў працах, прысвечаных як свецкай, так і царкоўнай гісторыі, звесткі пра яго знаходзім у розных энцыклапедыях і хрэстаматыях.

А ў 1908 г., да 300-годдзя памяці князя, пачалося яго сапраўднае народнае і царкоўнае ўшанаванне. Па благаславенні Праасвяшчэннейшага Міхаіла, епіскапа Мінскага і Тураўскага, 13 лютага 1908 г. быў створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, адкрыццё якога было прымеркавана да 300-годдзя памяці князя. На акце адкрыцця камітэта быў заслуханы даклад, прысвечаны падзвіжніцкай дзейнасці князя К. Астрожскага на карысць Царквы і радзімы. Пра значнасць постаці князя гаварылася словамі Свяшчэннага Пісання: «Лепш захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую грахоўную асалоду» (Яўр. 11, 25). Камі¬тэт прапанаваў праграму ўрачыстых мерапрыемстваў, а менавіта:

  • урачыста адслужыць у цэрквах Мінскай епархіі літургіі і паніхіды па князю;
  • правесці сходы, на якіх пазнаёміць грамадскасць з яго жыццём і дзейнасцю;
  • правесці хрэсныя ходы з удзелам праваслаўных брацтваў;
  • вызваліць вучняў, асабліва духоўных школаў, ад вучэбных заняткаў;
  • выдаць кароткае апісанне жыцця князя і распаўсюдзіць у тысячах экзэмпляраў па гарадскіх і вясковых прыходах.

Мінская духоўная кансісторыя распаўсюдзіла распараджэнне з абавязкам духавенства епархіі ў першую пасля 13 лютага нядзелю ва ўсіх цэрквах прачытаць жыццяпіс князя Астрожскага, распавесці народу пра яго вялікія заслугі і дзейнасць на карысць Праваслаўя, адправіць па ім паніхіды, падрыхтаваць брашуры з апісаннем жыцця і дзейнасці князя для бясплатнай раздачы ў цэрквах і для рассылкі.

Памяць пра дабравернага князя ўшаноўвалася таксама ў Кіеве. 13 лютага 1908 г. адбылося ўрачыстае пасяджэнне Галіцка-рускага дабрачыннага таварыства, на якім прафесар Платон Жуковіч зачытаў гістарычнае паведамленне «Князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі ў барацьбе з царкоўнай уніяй». У выступленні быў дадзены адказ тым гісторыкам і ідэолагам уніі, якія залічвалі Астрожскага да свайго лагера, маючы на ўвазе, што быў час, калі ён цікавіўся пытаннем аб злучэнні Усходняй і Заходняй Цэркваў. У тым жа юбілейным годзе ў Кіеве выйшла манаграфія Ф. Цітова, прысвечаная Астрожскаму.

А ў Вільні па ініцыятыве Свята-Духава брацтва было вырашана ўзвесці храм-помнік у памяць К.К. Астрожскага. Але да юбілею ў 1908 г. ажыццявіць задуму не ўдалося з-за адсутнасці сродкаў. І толькі ў 1913 г. (напярэдадні 1-й Сусветнай вайны) храм быў узведзены і асвячоны ў гонар нябеснага апекуна князя святога роўнаапостальнага Канстанціна Вялікага. Гэты велічны храм і цяпер упрыгожвае Вільню і называецца Канстанціна-Міхайлаўскім (або Раманаўскім). Унутры храма пры ўваходзе ёсць памятная дошка, дзе змешчана слова-прысвячэнне.

Наступны значны юбілей князя Астрожскага прыпаў на 1958 год. Зразумела, на тэрыторыі Савецкай дзяржавы не магло было ніякіх урачыстасцей. Але памяць пра выдатнага дзеяча мінуўшчыны жыла ў народзе і праявілася ў публічным акце на эміграцыі. Часопіс «Царкоўны сьветач», які выдаваўся ў Саўт-Рыверы (ЗША) надрукаваў артыкул протапрасвітара Мікалая Лапіцкага, у якім князь Канстанцін называецца «Апошнім слаўным абаронцам Праваслаўнай Царквы з роду Астрожскіх». Аўтар асабліва падкрэсліў заслугі Астрожскіх ва ўмацаванні веры продкаў, іх ахвярнасць у храмабудаўніцтве і асветніцтве.

І вось праз 40 гадоў ужо і ў самой Беларусі стала магчымым ушанаваць у ліку верных сыноў Царквы і Бацькаўшчыны імя дабравернага князя. Да 390-й гадавіны памяці па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў была падрыхтавана праграма ўрачыстасцей, якія праходзілі з 26 лютага да 12 мая 1998 года. Сярод мерапрыемстваў быў урачысты сход прадстаўнікоў Царквы і грамадскасці, на якім было зачытана слова пра слаўны род Астрожскіх і адбылася прэзентацыя выдання, падрыхтаванага Брацтвам. 26 лютага ў Петра-Паўлаўскім саборы Мінска была адслужана паніхіда ў памяць князя. 9 мая адбыліся Мінскія навукова-багаслоўскія чытанні з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Расіі, Польшчы. А 10 мая ў Тураве ўстаноўлены памятны знак К.К. Астрожскаму. Група паломнікаў у складзе святароў, навуковай і творчай інтэлігенцыі накіравалася ў Астрог Ровенскай епархіі, дзе захаваўся замак Астрожскіх і дзе быў пахаваны пасля спачыну дабраверны князь Канстанцін.

У 2008 годзе ў Беларусі будзе ўрачыста адзначацца 400-годдзе памяці славутага асветніка і абаронцы веры бацькоў Канстанціна Астрожскага.

Падрыхтавала Лідзія Кулажанка

В начало страницы На главную страницу Написать разработчикам: Ольге Черняк, Матвею Родову