Праграма “Святло душы” вандруе разам з удзельнікамі 23-й духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”
14 ОКТЯБРЯ 2016 (Пятница) 11:54:07 З Азарычаў мы выпраўляемся да Калінкавіч. Духоўным асяродкам горада стала калінкавіцкая гімназія. У ёй шмат увагі надаюць духоўнаму выхаванню вучняў. Тут праводзіцца Міжнародная канферэнцыя “Кніга - пачатак усіх пачаткаў”, пасяджэнні Тураўскіх чытанняў, конкурсы дзіцячых рэфератаў па гісторыі і краязнаўстве. Нам з гонарам паказалі кабінет, дзе праходзяць факультатывы па асновах праваслаўнай культуры. Ёсць тут маленькая біблітэка духоўнай літаратуры, выявы айчынных святых і асветнікаў. Сюды часта наведваецца благачынны Калінкавіцкай акругі, намеснік юравіцкага Ражджаства-Багародзічнага мужчынскага манастыра айцец Аўксенцій. Нечакана было пабачыць на стэндзе з запаветамі айцоў Царквы назву “Святло душы”, якая парадніла гэты асяродак духоўнасці з нашай перадачай. Пэўна мы яшчэ завітаем сюды, каб бліжэй пазнаёміцца з жыццём гімназіі. Потым ад цэнтральнай плошчы Калінкавіч, разам з жыхарамі, удзельнікі экспедыцыі, рушылі да храма Казанскай іконы Божай Маці, дзе адбылася перадача Дабрадатнага Агню хрэстаходцам. Ад Калінкавіч да Гомеля - 170 кіламетраў. У дарозе кожны мог прыгадаць падзеі гэтага напружанага дня. Ужо на яго зыходзе, у прыцемках, экспедыцыю сустракаў Гомель. Святары гомельскай епархіі сышліся на плошчы, каб разам з намі пранесці Дабрадатны Агонь да кафедральнага сабора святых апосталаў Пятра і Паўла. Сабор нядаўна адсвяткаваў 200-годдзе. Яго фундатарам стаў граф Мікалай Пятровіч Румянцаў - сын славутага фельдмаршала, спадзвіжніка Суворава. Святыня была закладзена ў кастрычніку 1809 года, а наступнае дзесяцігоддзе спатрэбілася, каб яе збудаваць і ўпрыгожыць, на што Румянцаў не пашкадаваў сродкаў. Каштоўным дарункам храму сталі часцінка мошчаў свяціцеля Мікалая Мірлікійскага і іншых грэчаскіх і рускіх святых, якія, на жаль, не захаваліся. Пасля Румянцава гомельскі палац разам з храмам перайшоў у валоданне графа Івана Фёдаравіча Паскевіча - Эрыванскага і апякаўся сям'ёй гэтых вядомых мецэнатаў. У 1929 годзе храм быў зачынены, надышоў час здзекаў са святыні: у ёй месціўся антырэлігійны аддзел гістарычнага музея. Падчас акупацыі, намаганнямі нядаўна праслаўленага архімандрыта Серафіма Шахмуця і вернікаў Гомеля, у саборы аднавіліся богаслужэнні, якія спраўляліся да 1960 года. Тады яго пераўтварылі ў планетарый, пасля закрыцця якога храм быў у занядбанні. У гады перабудовы вернікі гомельшчыны пачалі барацьбу за адкрыццё царквы. У верасні 1989 года ім перадалі ключы ад святыні, і ў хуткім часе была адпраўлена першая Літургія. У 1990-м на гомельскую кафедру быў прызначаны епіскап Арыстарх. Двойчы сабор наведваў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій. У 2007 годзе ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы адбылася ўрачыстасць кананізацыі прападобнай Манефы Гомельскай, мошчы якой цяпер тут спачываюць. Наступнай раніцай мы наведалі адзін з новых храмаў Гомеля ў гонар святога Лукі Крымскага, які знаходзіцца на тэрыторыі абласной бальніцы. Побач з храмам будынак гімназіі № 36, навучэнцы якой ганарацца, што яна носіць імя слыннага палешука пісьменніка Івана Мележа. Удзельнікі экспедыцыі разыходзяцца па класах, каб распавесці пра нашу місію. Бывай, Гомель! Дзякуй за шчыры сардэчны прыём! А ў хуткім часе наш аўтобус сустракаюць маладзіцы з караваем ды песнямі. Гэта, як бы мовіць, прывітальны “пачастунак” ад Светлагорскага раёна. Аднак, афіцыйная сустрэча адбылася на мемарыяле “Аперацыя Багратціён”, адкрытым да 70-годдзя вызвалення Беларусі. На гэтым месцы сышліся войскі чатырох франтоў і звыш мільёна варожых салдат і афіцэраў, Больш за два месяцы ішлі крывавыя баі. Стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён” стала не толькі пачаткам вызвалення Беларусі, але вызначыла шлях да Вялікай Перамогі. Дарога да святыняў часта прыводзіць нас да месцаў пахавання воінаў, да мемарыялаў воінскай славы. Святых месцаў, якія асвячае Іерусалімскі Агонь. Словы памінальнай малітвы прамаўляе епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін.... Слухайце праграму “Святло душы” 15 кастрычніка ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. / sobor.by/ (просмотров 4568) |
Новости разделов: