BEL ENG DEU FRA

Міжнародная сустрэча праваслаўнай моладзі – 2016 адбылася ў Славакіі

        20-26 ліпеня ў славацкім горадзе Прэшаў адбылася Міжнародная сустрэча праваслаўнай моладзі – 2016, арганізаваная Сусветным брацтвам праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас” пры ўдзеле Брацтва праваслаўнай моладзі Славакіі. Тэмай сёлетняй сустрэчы было разважанне аб cаборнасці і адзінстве праваслаўных хрысціян. Асаблівую ўвагу форуму атрымалі вынікі Вялікага і Святога Сабора Памесных Праваслаўных Цэркваў, які адбыўся ў чэрвені на в. Крыт. У якасці эпіграфа сустрэчы  была абраная цытата з Паслання святога апостала Паўла да Эфесян: “…бо мы адзін аднаму члены” (4:25).        

        Брацтва “Сіндэсмас” было заснавана ў 1953 г. у Францыі такімі вядомымі праваслаўнымі дзеячамі рускай эміграцыі, як а. Аляксандр Шмеман, Кірыл Ельчанінаў, епіскап Васілій Радзянка і інш. Іх мэтай было стварэнне міжнароднай пляцоўкі для маладых праваслаўных хрысціян усяго свету, дзе яны маглі б дзяліцца вопытам духоўнага жыцця і мірскога служэння. Сёння “Сіндэсмас” аб’ядноўвае 63 праваслаўных моладзевых рухаў і багаслоўскія школы з усяго свету.

         

        Міжнародныя сустрэчы ладзяцца брацтвам "Syndesmos" штогадова ў розных краінах свету. Геаграфія сёлетняй сустрэчы праваслаўнай моладзі склала 12 краін з 3 кантынентаў Зямлі: Эфіопія, Францыя, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Венгрыя, Украіна, Эстонія, Фінляндыя, Расія, Беларусь, не лічачы ўдзельнікаў з прымаючага боку – Брацтва праваслаўнай моладзі Славакіі.

         

        У Славакіі юнакоў і дзяўчат з усяго свету прыняў гасцінны г. Прэшаў, які лічыцца “сталіцай Праваслаўя” краіны: у горадзе знаходзяцца Прэшаўскае епархіяльнае ўпраўленне, мітрапалічы савет Праваслаўнай Царквы Чэшскіх земляў і Славакіі, праваслаўны багаслоўскі факультэт (ПБФ) і праваслаўная семінарыя, дзе і жылі ўдзельнікі сустрэчы.

         

        Малітоўнае жыццё

         

        Штовечар і штораніцы ўдзельнікі сустрэчы збіраліся на супольную малітву ў храме семінарыі, адкуль пачынае сваё служэнне кожны святар Славакіі. Храм знаходзіцца ў самім будынку інтэрната семінарыі – такім чынам, удзельнікам у сваіх пакойчыках дастаткова было толькі пачуць з калідора  гук старога меднага звона, каб праз лічаныя секунды ўжо прысутнічаць на малітве.

         

        Славакскія святары вялі службы на царкоўна-славянскай мове, а хор прысутных міран – удзельнікаў сустрэчы – адказваў ім на асноўнай мове мерапрыемства – англійскай. Акрамя таго, на працягу ўсяго тыдня кожны з удзельнікаў мог скарыстацца магчымасцю прачытаць любую з малітваў на сваёй роднай мове – такім чынам, на ранішняй малітве можна было пачуць да 5 пяці моў. Гучала і традыцыйнае грэцкае "Kyrie Eleison" (“Госпадзі, памілуй”) – фраза, якая выкарыстоўваецца без перакладу ў праваслаўных цэрквах многіх краін. Гэткае разнамоўе дазваляла яшчэ глыбей адчуць сапраўды сусветны характар Царквы Хрыстовай, і радасць ад таго, што ты – яе частка.

         

        Акрамя таго, у Славакіі ўдзельнікі сустрэчы тройчы прычасціліся Хрыстовых Тайнаў –  з іх адзін раз на нядзельнай службе ў г. Кашыцэ з удзелам Мітрапаліта Чэшскіх земляў і  Славакіі Расціславам.

         

        Ці трэба казаць, што трапезы ў сталовай Семінарыі не пачыналіся і не заканчваліся без малітвы і благаславення святароў – у тым ліку і будучых.

         

        Лекцыі

         

        Першы дзень мерапрыемства быў прысвечаны асэнсаванню вынікаў Вялікага і Святога Сабора памесных праваслаўных цэркваў.  Афіцыйнае адкрыцце славацкай сустрэчы адбылося ў зале Праваслаўнага багаслоўскага факультэта, дзе удзельнікаў благаславіў Мітрапаліт Чэшскіх зямель і Славакіі Расціслаў, самы малады з іерархаў на крыцкім Саборы (38 год).

         

        Дэкан праваслаўнага багаслоўскага факультэта прачытаў удзельнікам Міжнароднай сустрэчы лекцыю аб гісторыі Усяленскіх Праваслаўных сабораў, апошні з якіх адбыўся больш за тысячу год таму назад. Сабору 2016 год не ўдалося стаць Восьмым Усяленскім Саборам, як гэта першапачаткова задумвалася праваслаўнымі іерархамі свету, паколькі на Крыце адсутнічалі дэлегацыі 4 з 14 Памесных Цэркваў.

         

        Нягледзячы на неадназначнае ўспрыняцце Сабора 2016 года ў праваслаўным свеце, гэтая маштабная падзея ўжо ўвайшла ў гісторыю Праваслаўнай Царквы і будзе аказваць уплыў на яе бліжэйшую будучыню. Пакладзены пачатак саборнаму працэсу: на Крыце было прынятае рашэнне праводзіць Сабор рэгулярна. Рэзультаты сустрэчы на Крыце абагульненыя ў 12 пунктах Паслання да праваслаўных людзей і людзей добрай волі.

         

        Для праваслаўнай моладзі, што сабралася ў Прэшаве, іх тлумачыў адзін з удзельнікаў дэлегацыі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату на саборы, праваслаўны журналіст, а. Георгій  Каваленка. Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на 11 пункт паслання, у якім гаворыцца пра ролю моладзі ў Царкве: “Моладзь – гэта не будучае, але цяперашняе царквы”.

         

        Асаблівая ўвага святара была накіраваная на праблему унутранай секулярызацыі – набыцця характарыстык свецкай арганізацыі – у Праваслаўнай Царкве. Сярод праблем, на якія ўказваў а. Георгій, былі:

         

        – інфармацыйная секулярызацыя, калі ўвагу СМІ атрымліваюць толькі негатыўныя падзеі з жыцця Царквы, а веруючыя ахвотна спажываюць гэтую інфармацыю;

        – палітызацыя Царквы, фундаменталістскія тэндэнцыі (напрыклад, стварэнне так званых “праваслаўных армій”) якія нясуць у сабе небяспеку тэрарызму;

        – бюракратызм, успрыманне Царквы толькі як іерархічнай структуры, у той час, калі Царква – гэта ўсе веруючыя, як яе святары, так і яе прыхаджане, кожны з веруючых можа і павінен сведчыць аб Евангельскіх ісцінах у сваім жыцці;

        – эканамічныя адносіны ў Царкве, калі вялікія грошы часам не толькі дапамагаюць будаваць храмы, але і нясуць ў сабе вялікую спакусу. “Царква – гэта не пазалочаная ікона, а вобраз Хрыста ў кожным чалавеку,” – падкрэсліў а. Георгій. – “Трэба ўпрыгожваць не толькі будынкі, але і людзей у іх”;

        – традыцыяналізм, калі традыцыі ставяцца ў цэнтр царкоўнага жыцця, дзе павінен быць Хрыстос. “Як ні дзіўна, але мая раса, у якой я перад вамі стаю – не адзнака маей святасці”, – зазначыў а. Георгій. – “Традыцыі – гэта добра, але яны таксама могуць уводзіць ад святасці”;

        – праблема спалучэння Божых запаведзяў з паўсядзённым жыццём кожнага веруючага, калі забываюцца нават такія, здавалася б, усім вядомыя запаведзі, як “не ўбій” (гвалт, насілле, аборты), “не ўкрадзі” (карупцыя) і інш.

         

        Таксама а. Георгій выказаў меркаванне, што хрысціянам, у прыватнасці, праваслаўным, неабходна больш актыўна карыстацца Інтэрнэтам, каб дзяліцца інфармацыяй  і ідэямі паміж сабой, не адасабляцца ад астатняга свету, але быць адкрытымі да дыялогу і сведчыць у свецкім грамадстве пра жыццё Царквы і Божую ісціну.

         

        Таксама ў першы дзень сустрэчы яе ўдзельнікі даведаліся пра гісторыю і сучаснасць праваслаўнага багаслоўскага факультэта, які дзейнічае ў Прэшаве з 1957 г., а таксама пра Адкрыты праваслаўны ўніверсітэт Св. Сафіі, Прамудрасці Божай, які дзейнічае на тэрыторыі знакамітага Сафійскага сабору ў Кіеве.

         

        Дыскусіі

         

        Кожная  з лекцый першага дня абавязкова заканчвалася абмеркаваннямі ў групах, дзе кожны мог выказаць сваю думку, альбо задаць пытанні іншым удзельнікам. Падчас абмеркаванняў звярнулі на сябе ўвагу такія сур’ёзныя пытанні, як  “Што ёсць (для мяне? для усяго чалавецтва? учора? сёння?) Царква?”, “Як можна выкарыстоўваць Інтэрнэт для пропаведзі і навучання?”, “Што неабходна для катэхізацыі (аглашэння) тых, хто ўжо ў Царкве?”, “Якім мы сёння бачым сацыяльнае служэнне Царквы?”

         

        Адказы на гэтыя пытанні інтэрнацыянальная моладзь спрабавала знайсці падчас круглых сталоў  і “мазгавых штурмаў” у наступныя дні сустрэчы. Ладзіліся таксама і біблійныя заняткі, калі ў групах абмяркоўваліся важныя для разумення ролі Царквы ў  свеце ўрыўкі з Евангелля і Апостальскіх пасланняў. Ну і, канешне, расказвалі пра жыццё Царквы ў сваіх краінах.

         

        “Душою” мерапрыемства стала трапезная Семінарыі, дзе праходзілі многія дыскусіі і абмеркаванні. І хоць усе яны былі ўплеценыя ў расклад – і таму строга лімітаваныя па часе – абмеркаванне часта працягвалася падчас агульных трапез ці падарожжаў.

         

        Падарожжы

         

        Падчас экскурсій удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з гісторыяй старажытнага славацкага рэгіёну Шарыш (Šariš), знакамітага старажытнай гатычнай архітэктурай сваіх гарадоў: так, гістарычная плошча г. Бардэйаў (Bardejov) занесеная ў спіс культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

         

        Тым не менш, лёс Праваслаўнай царквы на Славаччыне складваўся даволі трагічна, на працягу апошніх стагоддзяў – у супрацьдзеянні ўплывам Уніяцкай царквы, да якой сёння належыць большасць хрысціян Славакіі. На пачатку 1990ых гг. дзяржава перадала ўсе існуючыя праваслаўныя храмы  і манастыры ўніятам, а Праваслаўнай царкве былі выдзеленыя субсідыі на пабудову новых храмаў. Але і па сёння яшчэ на Славаччыне няма ніводнага праваслаўнага манастыра.

         

        Удзельнікі міжнароднай сустрэчы наведалі 10 славакскіх храмаў, большасць з якіх пабудаваная не больш 20 год таму ў арыгінальным неавізантыйскім стылі: такія цэрквы здзіўляюць сваёй незвычайнай архітэктурай звонку і надзвычайнай прыгажосцю традыцыйнага ўпрыгожвання знутры.

         

        Цікава было і пазнаёміцца з традыцыямі праваслаўнага богаслужэння ў Славакіі: што амаль ва ўсіх храмах прыхаджане  на службе, у асноўным, сядзяць на спецыяльна пастаўленых для гэтага лавах, а стаяць толькі на самых важных момантах малітвы (але трэба заўважыць, што прыходы ў Славакіі меншыя, чым у нас  – іначай бы ўсім проста не хапіла месца); што спявае не толькі хор, але і ўсе, без выключэння прысутныя (нязвыклыя і самі мелодыі песнапенняў); што ранішнія малітвы чытаюцца не на усяночнай пасля вечаровых, але раніцай, перад Літургіяй; што пасля Прычасця ядуць толькі хлябец-анцідор, не запіваючы яго цеплатой.

         

        Малітвы праваслаўных падарожнікаў прагучалі і ў старажытным храме, які знаходзіцца на тэрыторыі Бардэйаўскіх купеляў (Bardejovskie kupele): гэты сусветна вядомы спа-курорт вядомы не толькі сваімі гаючымі крыніцамі, але і ўнікальным музеем-скансэнам народнай архітэктуры Славакіі. Запомніўся інтэрнацыянальнай моладзі і храм Св. Архангела Міхаіла ў в. Ладамірава (Ladomirova), радзіме мітрапаліта Лаўра, найвышэйшага прадстаўніка Рускай праваслаўнай царквы за мяжой з 2001 па 2008 гг.

         

        Радасць знаёмства

         

        Усе дні сустрэчы былі поўныя знаёмстваў і размоў. Па-першае, удзельнікаў сустрэчы паміж сабой – падчас абмеркаванняў, трапез, падарожжаў. Многія і пасля насычанага падзеямі дня яшчэ доўга не клаліся спаць, абмяркоўваючы пачатую ўдзень размову. Па-другое – з духоўнымі асобамі, такімі, як, напрыклад, Мітрапаліт Расціслаў.

         

        Сустрэча з самым маладым праваслаўным мітрапалітам запомнілася сваім нязмушаным, гасцінным і адкрытым характарам. Размаўлялі шчыра, “па душам”: удзельнікі расказвалі пра асаблівасці праваслаўнага жыцця ў сваіх краінах у адказ на пытанні мітрапаліта, а ён, у сваю чаргу, адкрыта адказваў на пытанні пра праваслаўную Славакію і сваё архіпастырства.

         

        Нечаканым на сустрэчы быў кароткі візіт каталіцкага святара, айца Душана, які ехаў тады з велапрабегам “У абарону жыцця” праз усю Славакію. Легальныя аборты – агульны боль для хрысціян усіх канфесій, таму словы каталіцкага абаронца жыцця пра каштоўнасць цноты, адказнае стаўленне да сям’і і будучых дзяцей былі актуальнымі і для праваслаўнай моладзі.

         

        Але на моладзевай сустрэчы было месца не толькі сур’ёзным размовам, але і вясёлым забавам. Так, на Славацкім вечары ўдзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з традыцыямі святкавання Раства і Вялікадня ў Славакіі, з народнымі славацкімі стравамі, песнямі, гульнямі і танцамі. А на Інтэрнацыянальным вечары кожны ўдзельнік мог прадставіць ужо сваю краіну – праз песню, танец, гульню або прысмакі.

         

        Так неўпрыкмет прайшоў тыдзень, поўны падарожжаў, сустрэч, размоў і малітваў. Быць можа, для некага гэтых дзён было мала, каб грунтоўна пазнаёміцца са Славакіяй, яе культурай і праваслаўным жыццём, быць можа, не ўсе тэмы былі закранутыя і не на ўсе пытанні знайшліся адказы. Але гэтых дзён было дастаткова, каб праз супольнае жыццё, якое мелі  – такія розныя – удзельнікі сустрэчы, Гасподзь даў ім каштоўны вопыт супольнага існавання ў Царкве і як членаў Царквы, частак “адзін аднаго” – вопыт, поўны Божай любові, благаславення і натхнення на духоўнае ўзрастанне ды служэнне Богу і людзям.

(просмотров 2060)



Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004-2016.