Праграма “Святло душы” - пра 25-ю духоўна-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў” па маршруце Мінск-Лагойск-Малыя Ляды
27 СЕНТЯБРЯ 2018 (Четверг) 13:51:06 Штогод, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, экспедыцыя “Дарога да святыняў” ідзе з Дабрадатным Агнём ад Гроба Гасподняга па гарадах і вёсках Айчыны.Звычайна яна выпраўляецца ад мінскага кафедральнага Свята-Духава сабора. Пасля малебна з алтара выносіцца Нязгасная Лампада са Святым Агнём. Духоўнік экспедыцыі епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін бласлаўляе ў дарогу. Першы прыпынак на ўскрайку Лагойска, дзе нас сустракаюць з караваем ды песняй. З прывітальным словам старшыня Лагойскага райвыканкама Людміла Мікалаеўна Муравіцкая. На месцы сустрэчы шмат лагайчан. На пагорку скульптурная выява Божай Маці. Яе ўсталявалі тут нядаўна, ушаноўваючы ахоўніцу мясціны - Лагойскую ікону Багародзіцы. Шмат часоў яна захоўвалася ў тутэйшых храмах. Аднак у 19 стагоддзі, пасля закрыцця Богаяўленскага базыльянскага манастыра, трапіла да ўладальніка Лагойска Аскара Тышкевіча, а пасля яго спачыну да мінскага калекцыянера. У 1907 ікону выкупілі і з урачыстым шэсцем пераняслі ў Лагойск. У гады вайны святыня была страчана і адроджана ў нашы дні па фотаздымку ў старой газеце. Шматлюдны хрэсны ход скіроўваецца да Мікалаеўскай царквы. Пасля малебна Дабрадатны Агонь перадаецца на свечкі прыхаджанам і закладаецца Сад малітвы на гары, з пад якой выцякае цудадзейная лагойская крыніца. Частка ўдзельнікаў экспедыцыі скіроўваецца ў лагойскі інтэрнат для састарэлых людзей. Прытулак за красуняй Гайнай сярод фруктовага саду і кветнікаў. Некалі такіх нямоглых людзей апекавала вялікая княгіня Елісавета Фёдараўна. Сястра Фацінья, з іконай святой, расказвае пра дабрачынную дзейнасць мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра, створанага ў яе гонар. З гасціннай лагойшчыны скіроўваемся да вёскі Малыя Ляды. Тут жыве старадаўняе паданне, як Царыца Нябесная, пажадаўшы ўмацаваць людзей Сваёй дапамогай, з'явілася селяніну Кірыку і паказала месца для праваслаўнай царквы, якая была пабудавана месцічамі. На тым месцы ўзнік мужчынскі Благавешчанскі манастыр, які ўславіўся абразам Божай Маці. На пачатку 18 стагоддзя ўладальніца Ляд Тэрэза Завіша пасля малітвы перад іконай Жыровіцкай Божай Маці атрымала ацаленне ад цяжкай хваробы і ў знак удзячнасці спіс Жыровіцкай іконы падаравала манастыру. Лёс святыні, як і манастыра, аказаўся драматычным. У 20-я гады мінулага стагодзя яго закрылі. Пад час Вялікай Айчыннай вайны богаслужэнні ў храме аднавіліся. Нацыстамі туды быў сасланы мітрапаліт Панцелеймон Ражноўскі, які ўзначальваў Беларускую Праваслаўную Царкву і супрацьстаяў умяшальніцтву акупантаў у яе справы. У 1944-м святара, які служыў у манастырскім храме, схапілі за сувязь з партызанамі. У пасляваенны час храм зноў закрылі. Частку ікон забралі прыхаджане, некаторыя аказаліся у суседніх храмах, іншыя багаборцы спалілі ў лесе. Да цудадзейнага Лядзенскага абраза ніхто не асмельваўся дакрануцца. Адзін толькі селянін паспрабаваў гэта зрабіць, аднак ікона быццам небачнай сілай утрымлівалася на сцяне. Тады ён ударыў па ёй нагой... і яна павольна апусцілася на падлогу. Хутка нага моцна забалела і стала гніць. Яму параілі пайсці ў храм і пакаяцца перад іконай Багародзіцы. Так і не зрабіўшы гэта селянін хутка памёр. Лядзенскі абраз Божай Маці быў страчаны, аднак, пры адраджэнні манастара створаны новы спіс Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Лядзенскі Благавешчанскі манастыр быў адноўлены ў 1992 годзе. Шмат сіл для гэтага прыклаў цяперашні епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, які быў яго намеснікам. Пасля ля манастырскіх муроў адбылася сустрэча вяскоўцаў з удзельнікамі экспедыцыі. Знаны археолаг Пётр Фёдаравіч Лысенка, які займаўся раскопкамі старадаўняга Пінска і Бярэсця расказаў пра знаходкі ў Тураве на руінах старажытнага храма, разбуранага землятрасеннем. Першы хрэсны ход да месца будучага Ксеніеўскага манастыра ў Барані ўзгадаў старшыня брацтва ў гонар віленскіх пакутнікаў Мікола Матрунчык. Тады Дабрадатны Агонь захоўваў звычайны хатні ліхтар.... Наступны прыпынак на Мар'інай горцы ля вёскі Верхлес. Кажуць, тут тройчы з'яўлялася Багародзіца. Найперш напілася крынічнай вады, што струменілася з-пад горкі і пайшла ў бок Дудзічаў. Другі раз скіравалася ў Навасёлкі, а на трэці, перш чым пайсці ў Ляды, адпачывала на вялікім камені і пакінула след. У гэтых вёсках існавала традыцыя асобага ўшанавання Багародзіцы, а ў храмах былі Яе іконы, што ў гады атэізму страчаны. Зараз ад каменя-следавіка засталася частка і побач, з зямлі, узрос каменны крыж. Ёсць гіпотэза, што крыж зроблены хрысціянамі з каменнага ідала, які раней стаяў на кургане. Кажуць, пасля вайны камень-следавік быў пакладзены ў фундамент дома адным з месцічаў. Хутка будынак згарэў і разам з ім 12 вясковых хат. Узрушаныя людзі вярнулі камень на горку. У той час жанчына, у якой з вайны не вярнуліся муж і трое сыноў, усталявала на горцы у іх памяць крыжы.Так вакол верхлескага каменя і крыжа ўзніклі могілкі. Узнімаемся на вяршыню Мар'інай горкі да крыжа і каменя. Сёння, як і раней, мясцовыя жыхары і паломнікі прыходзяць сюды з малітвай да Маці Божай, шукаючы яе заступніцтва і літасці. Мы таксама просім Яе благаслаўлення на далейшы шлях да Смілавіч і Свіслачы..... Слухайце праграму “Святло душы” 29 верасня ў 7.30 і 20.20 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё (106.2 FM). Паўтор у той жа дзень у 8.30 на канале “Культура” (102.9FM). / sobor.by/ (просмотров 2889) |
Новости разделов: