Салігорск-Грэск-Слуцк-Узда-Цімкавічы-Капыль. Па шляху з удзельнікамі 28-й навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святынь"
26 АПРЕЛЯ 2022 (Вторник) 17:52:08 Раніцай ў Салігорску. На цэнтральнай плошчы прадстаўнікі тутэйшых навучальных устаноў літаральна "разабралі" нашых місіянераў па школах на ўрокі пісьменства. А сярод нас - паэты, журналісты, святары, педагогі, бібліятэкары, для каго духоўная асвета- справа жыцця.З ветэранам экспедыцыі, настаўніцай са Слоніма, Лізаветай Муксей, у восьмай сярэдняй школе са спартыўным ухілам. Знаемімся з дырэктарам Віктарам Іванавічам Броўкам. Футбольны клуб "Шахцер", а пад яго патранатам школа, амаль равеснік Салігорска. Першая каманда фарміравалася з будаўнікоў- аматараў, а ў 1978-м адчыніла дзверы восьмая школа, у якой цяпер вучацца юныя спартсмены з усёй Беларусі. У музеі ганаровыя кубкі, граматы і медалі. Школа рыхтуе спартыўныя рэзервы краіны,таму хвалюемся. Расказваем пра Святы Агонь, экспедыцыю, асабістыя ўражанні ад таго, што бачым на шляху. Старшакласнікі слухаюць уважліва, відаць, сустрэча застанецца ў памяці. На развітанне пакідаем школьнай бібліятэцы стос добрых кніг. Экспедыцыю сустракаюць у Грэску- аграгарадку на Случчыне. Месцічы з харугвамі, і мы, з Непагаснай Лампадай са Святым Іерусалімскім Агнем, доўгім шляхам ідзём да тутэйшай царквы Ражаства Багародзіцы. У храме сустракаюцца наша пуцяводная Загор'е- Сталавіцкая ікона Багародзіцы і тутэйшая святыня - Забельская цудатворная ікона Божай Маці, пра якую расказвае настаяцель Аляксандр Корань. На шашы, ля ўезду ў Слуцк, храм Паісія Святагорца. Падыходзім да святыні. Доўгі час у Слуцку была адзіная старадаўняя Міхайлаўская царква. Цяпер існуе манастыр, духоўна-асветніцкі цэнтр і гэты велічны храм у гонар афонскага старца 20 стагоддзя. Кнігі з яго духоўным разважаннямі шануе праваслаўны свет. А далей знаемства са Слуцкім дзяржаўным каледжам. Навучальная ўстанова адкрылася пасля вайны, каб рыхтаваць айчынных майстроў-сыраробаў. Можна ўявіць: колькі пакаленняў узгадавана! Цяпер тут навучаць повараў, спецыялістаў малочнай прамысловасці. Класы - сапраўдная вытворчаць па сучасных тэхналогіях. Каледж - маленькі горад, дзе есць кафе, стадыён, этнаграфічная майстэрня "Скарбніца", кулінарная студыя "Гурман"- тут ствараюцца праграмы для мясцовага тэлебачання, гасцініца для наведвальнікаў-бацькоў, нават зімовы сад, экзатычныя расліны якога даслаў сталічны Батанічны сад. Дырэктар каледжа- Барыс Браніслававіч Блахін вядзе ў кабінет праваслаўнай культуры Случчыны. У музейным комплексы каледжа - калекцыі народных промыслаў, прадметаў быту, нумізматыкі, музей малака, куток традыцый слуцкага ткацтва ( узгадайце славутыя слуцкія паясы!). Асобная зала- старадаўняй гісторыі Слуцка і яго баявой славы. Вось што расказаў Сяргей Іванавіч Багдашыч. На пяты дзень вайны, калі да Слуцка падыходзілi варожыя танкі, каб затрымаць гітлераўцаў, на цэнтральнай вуліцы горада салдаты павярнулі гармату ў бок немцаў і прынялі бой. Яны загінулі, але на нейкі час затрымалі фашыстаў. Людзі потым пахавалі мужных воінаў, а сведкам падзей стаў архіўны нямецкі фотаздымак той самай гарматы на вулічным скрыжаванні. Ен нядаўна знайшоўся ў інтэрнэце і падцвердзіў подзвіг абаронцаў Слуцка. Раніцай, ля Узды, місіянераў" разбіраюць" па школах і сацыяльных установах. Частка скіроўваецца ў Хатляны, мы на ўрок пісьменства да ўздзенскай школы імя Кандрата Крапівы. Цікавімся музеем пісьменніка. Старая плошча Узды, як у расійскай сталіцы, мае назву Красная. У гістарычнам храме Пятра і Паўла сустракае настаяцель Рыгор Чарапеннікаў. Тут служыў і прыняў смерць навамучанік Царквы Беларускай Міхаіл Навіцкі. Ен паходзіў з сям'і святара, артымаў грунтоўную свецкую адукацыю, і толькі калі гэта стала небяспечна, ў 20-я гады мінулага стагодзя, абраў подзвіг святарскага служэння. Экспедыцыя завітала ў Цімкавічы, на радзіму пісьменніка Кузьмы Чорнага. Пасля малебну і закладкі саду ля Мікалаеўскай царквы-сустрэча з месцічамі. Ветэраны экспедыцыі ўзгадваюць Марыю Іосіфаўну Карпенка - "легенду" беларускай журналістыкі. Яна была сярод стваральнікаў айчыннага Саюза журналістаў, у складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічала ў працы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Амаль 30 гадоў узначальвала рэдакцыю часопіса "Работніца і сялянка", вядомага далека за межамі Беларусі. На пачатку 80-х яго тыраж складаў паўтара мільена экзэмпляраў! Марыя Карпенка родам з Цімкавіч і там пахавана. Кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Лапата-Загорскі зачытвае яе успамін пра родную мясціну, дзе яна пабывала з экспедыцыяй. Раніцай - у сталіцы Дня беларускага пісьменства -Капылі. У Свята-Узнясенскім храме мітрапаліт Веньямін пачынае святочнае набажэнства. В 2005 годзе экспедыцыя "Дарога да святынь" пабывала ў Капылі і заклала Сад малітвы, пра што ўзгадвае Аляксандр Лапата-Загорскі. Ад'яжджаем са спадзяваннем зноў сустрэцца на дарозе да айчынных святынь і свята роднай мовы. Слухайце праграму "Святло душы" 23 красаівка ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор на канале "Культура" 24 красавіка ў 17.30. /sobor.by/ /ПЕРВЫЙ НАЦИОНАЛЬНЫЙ КАНАЛ БЕЛОРУССКОГО РАДИО/ (просмотров 2440) |
Новости разделов: