Праграма “Святло душы” пазнаеміць з перакладамі Бібліі на беларускую мову, зробленымі ў 20 стагоддзі
1 ЯНВАРЯ 2022 (Суббота) 10:51:25 Праграма “Святло душы” завітае ў Нацыянальную бібліятэку, каб пазнаеміцца з перакладамі Бібліі на беларускую мову, зробленымі ў 20 стагоддзі.Сто гадоў таму Лукаш Дзекуць-Малей прыступіў да пракладу Новага Запавету на беларускую мову. У 16-м стагоддзі выдадзеная Францыскам Скарынам Біблія на стара-беларускай мове паклала пачатак евангельскага абуджэння. На пачатку 20 стагоддзя супрацоўнік Брытанскага Біблейскага таварыства Уілфрыд Уайзман пісаў “Беларусы - адзін з першых народаў, надрукаваўшых Святое Пісанне на сваёй мове. Гэта было ў 1517 годзе, за восем гадоў да першага друкаванага выдання па-англійску”. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння казалі пра неабходнасць перакладу Бібліі, аднак толькі ен, школьны настаўнік і пратэстанцкі пастар з Брэста, гэта здолеў. У 1926 годзе першым выйшла з друку Евангелле ад Лукі. “Перакладчык выдатна валодае беларускай мовай”,- пісалі тады віленскія газеты. У 1931 годзе Брытанскае Біблейскае таварыства надрукавала Новы Запавет і Псалтыр у перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея. На працягу 20 стагоддзя Святая кніга выдавалася чатыры разы і дала штуршок для працы над новымі перакладамі на сучасную беларускую мову. Нацыянальная бібліятэка Беларусі выпусціла факсімільнае выданне таго рарытэтнага Новага Запавету і презентавала яго на круглым стале з удзелам навукоўцаў. 1. Убачыўшы грамады народу, Ен узышоў на гару, і, калі сеў, прыступілі да Яго вучні Яго. 2. І Ен, расчыніўшы вусны Сваё, навучаў іх кажучы: 3. Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае, 4. Шчасьлівыя плачучыя,бо яны ўсцешацца. 5. Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнаследуюць зямлю. 6.Шчасьлівыя галодныя і прагнучыя праўды, бо яны насыцяцца, 7. Шчасьлівыя міласцівыя, бо яны будуць памілаваныя. 8. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 9. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названы. 10. Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае, 11. Шчасьлівыя вы, калі будуць здзекавацца над вамі і перасьледаваць вас і ўсяляк несправядліва абгаворваць вас за Мяне, 12. Радуйцеся і цешцеся, бо вялікая нагарода вашая на небе, так гналі і прарокаў, якія былі раней за вас. 13. Вы соль зямлі, калі-ж соль згубіць сілу, ты чым зробіш яе салонаю? Яна ўжо ні на вошта не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям. 14. Вы сьвятло свету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары. 15. І, засьвяціўшы сьвечку, не стаўлюць яе пад судзінай, але на ліхтары, і сьвеціць ўсім, хто ёсць у доме. 16. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя дзеянні і ўславілі Айца вашага, што ў нябёсах. (музыка) У той дзень Нацыянальнай бібліятэцы быў перададзены рукапіс перакладу Бібліі на беларускую мову Уладзіслава Чарняўскага. Многія памятаюць гэтага каталіцкага святара з Вішнева, які служыў па-беларуску яшчэ ў савецкі час. З канца 60-х да спачыну ў 2001 годзе ксендз Уладзіслаў Чарняўскі нястомна займаўся перакладам Бібліі. Яго ў Вішева часта наведваў Антоній Бокун, які перадаў бібліятэцы частку рукапісаў, што захоўваў. Публіцыст, педагог, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч падаравала бібліятэцы выдадзены сям’ёй Новы Запавет у перакладзе Міхася Міцкевіча - брата народнага паэта Беларусі. Міхась Міцкевіч, як і Якуб Колас, быў пісьменнікам, перакладчыкам, педагогам і грамадскім дзеячам. Ён адзіны з чатырох братоў класіка па ягоным жа шляху паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. “Мой Міхаіл”, “мой брат, таксама настаўнік”, — такія радкі ёсць у лістах Якуба Коласа: ён сачыў за выхаваннем і адукацыяй малодшага брата, выпісваў для яго газету “Наша ніва”, дапамагаў кніжкамі, падручнікамі. Яшчэ ў семінарыі Міхась далучыўся да літаратурнай творчасці. Ён добра ведаў тое, пра што пісаў, бо пісанне спалучаў з працай настаўніка Мінскай Беларускай Гімназіі, а потым і з працай на полі ў родных мясцінах. Падзел Беларусі на Заходнюю ў 1921-м надоўга разлучыў братоў. У 1939 годзе калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, вясковец зноў пайшоў у народную асвету. працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, школьным інспектарам. У 1950 годзе Міхась Міцкевіч пераехаў у ЗША. Шмат гадоў Міхась Міцкевіч выдаваў часопіс “Голас Царквы”, быў апекуном Сабора святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Падрыхтаваў беларускі царкоўны каляндар, пераклаў на беларускую мову Напрастольнае Евангелле, іншыя богаслужбовыя тэксты. Было ж аднойчы, калі Ен маліўся на самоце і вучні прыступілі да Яго. І спытаўся ў іх, кажучы: За каго ўважаюць мяне людзі? Яны - ж у адказ сказалі: За Яна Хрысціцеля, а іншыя за Іллю, іншыя гавораць,што адзін з прарокаў старадаўніх уваскрос. Ен - жа спытаўся ў іх: за каго-ж вы ўважаеце Мяне? І ў адказ сказаў Пётра: за Хрыста Божага. І Ен тверда заказаў ім нікому пра гэта не гаварыць, кажучы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адцярпець і быць здраджанаму праз старшыняў і архісьвятараў, і кніжнікаў, і быць забітым, і ў трэці дзень ўваскроснуць. Да ўсіх жа сказаў: калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе і возьме крыж свой ды ідзе за Мною, бо калі хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю за Мяне, той зберажэ яе. І што за карысць чалавеку здабыць ўвесь свет,сябе ж самога загубіць, ці пашкодзіць сябе? Бо хто пасаромееца Мяне й слоў Маіх, Таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў Славе Сваёй, і Айца, й сьвятых ангелаў. Кажу-ж вам праўдзіва: некаторыя з тых, якія тут стаяць, не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага. Слухайце праграму “Светло душы” 1 студзеня ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радые. Паўтор 2 студзеня ў 17.30 на канале “Культура”. /sobor.by/ /ПЕРВЫЙ НАЦИОНАЛЬНЫЙ КАНАЛ БЕЛОРУССКОГО РАДИО/ (просмотров 2264) |
Новости разделов: