Пра святыні і духоўнае жыццё ў пухавіцкім краі раскажа праграма “Святло душы”
29 НОЯБРЯ 2019 (Пятница) 10:35:17 Мы пройдзем па шляху 26-й духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святынь”, якая штогод, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, ідзе з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга па гарадах і вёсках Айчыны. Ёсць у яе яшчэ адна святыня - Загор'е-Сталавіцкая ікона Божай Маці. Пуцяводны абраз суправаджае кожную экспедыцыю і цяпер захоўваецца ў мінскім прыходзе ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска, які з'яднаў людзей са слабым зрокам.Выпраўляючы нас у шлях, яго настаяцель айцец Дзмітрый Ворса спадзяецца, што ў хуткім часе пабудуецца храм у гонар Загор'е-Сталавіцкай іконы , а мы спяшаемся да сталічнага Свята- Духава сабора. Першы дзень экспедыцыі супаў са святам Успення Прасвятой Багародзіцы. Пасля службы з алтара выносіцца нязагасная лампада са Святым агнём, што сыходзіць у Вялікую Суботу ў Іерусаліме, якая памнажае Святое Святло ў гарадах і вёсках, у храмах і дамах, школах і бальніцах, на месцах былых баёў, у святых куточках Айчыны. Духаўнік экспедыцыі епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін бласлаўляе ў дарогу, і прывітальнае слова гаворыць Алена Іванаўна Радчанка - намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі экспедыцыі - пісьменнікі, паэты, артысты, навукоўцы, журналісты, хто нясе слова духоўнае і паэтычнае людзям. Мы едзем па тэрыторыі Пухавіцкага раёна. У 1873 годзе праз яго прайшла Лібава-Роменская чыгунка. Мястэчка Пухавічы дало назву станцыі. У савецкі час цэнтр раёна перамясціўся ў паселішча Мар'іна Горка. Так і атрымліваецца: сыходзім на станцыі Пухавічы, а трапляем у Мар'іну Горку. У Мар'інай Горцы нас чакалі ў Цэнтры культуры і раённай бальніцы, аддзеле па надзвычайных сітуацыях і воінскай частцы, у аграрна-тэхнічным каледжы, храме святога Аляксандра Неўскага і ў школе №2, якая ўразіла музеем, што сведчыў аб мясцовых культурных традыцыях. Пасля сустрэч з жыхарамі ўдзельнікі экспедыцыі з'ядналіся на цэнтральнай плошы, дзе адбылася агульная малітва і прывітальныя словы прамовіў пухавіцкі благачынны настаяцель храма Аляксандра Неўскага Аляксандр Цалкоў. Хрэсным ходам ідзём па вуліцах, наперадзе перасоўная званіца, хор спявае слаўленні ў гонар тутэйшай святыні - Мар'інагорскай іконы Божай Маці. Ёсць паданне, што мясцовы селянін, які цяжка хварэў, убачыў у сне Божую Маці, якая абяцяла яму вылячэнне, калі паставіць крыж і пабудуе храм на гары, дзе адпраўляліся паганскія абрады. Селянін выканаў Яе святую волю, і, калі паправіўся, правеў жыццё ў капліцы, дзе паставіў абраз Божай Маці. Месца сталі называць Мар'інай Горкай. Даўняя ікона, даўшы назву паселішчу, і праз многія выпрабаванні захоўваецца ў тутэйшым храме ў гонар Аляксандра Неўскага. Пухавіцкі край слаўны святынямі. Нямногія ведаюць, што тут, у Вомельна, спачыла святая Сафія Слуцкая не перажыўшы цяжкія роды, што засталі ў дарозе. Нажаль тутэйшы храм парушілі, але жыхары ўшанавалі святыню. Па пухавіцкіх шляхах можна пракласці паломніцкі маршрут, лічыць краязнавец і журналіст Наталля Пархомчык. Тым часам, ля храма Аляксандра Неўскага - сустрэча з яго прыхаджанамі, якую вёў кіраўнік экспедыцыі навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандр Лапата- Загорскі. Яна адбывалася на імправізаванай сцэне ля храма. Побач помнік тутэйшым хлопцам - воінам - афганцам, прыгожыя кветнікі, за імі вагончык з якога пачыналася малітоўнае жыццё. Шмат мар'інагорскіх дзетак прыходзіць на заняткі ў нядзельную школу пры храме. Туды нас праводзіць матушка Ірына. Больш за дваццаць гадоў жыцця разам айцом Аляксандрам Цалковым аддазена адраджэнню храмаў і духоўнага жыцця на пухавіччыне. Тут служаць іх сыны - Рыгор і Ігар, які стаў настаяцелем старадаўняга храма ў Блоні, дзе доўгі час захоўваўся Мар'інагорскі абраз Багародзіцы. Пакідаем гасцінную Мар'іну Горку. Дарога да святыняў вядзе экспедыцыю ў старадаўні Ракаў. Слухайце праграму “Святло душы” 30 лістапада ў 7.30 і 20.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень у 8.30 на канале “Культура”./ sobor.by/ (просмотров 2391) |
Новости разделов: