Пра святыні Ракава раскажа праграма “Святло душы”
6 ДЕКАБРЯ 2019 (Пятница) 11:17:03 Працягваецца шлях разам з 26-й духоўна-асветніцкай экспедыцыяй “Дарога да святынь”, якая штогод, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, ідзе з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга па гарадах і вёсках Айчыны.У першы дзень падарожжа мы завіталі ў Мар'іну Горку, і тутэйшы благачынны айцец Аляксандр Цалкоў расказаў пра святара Фаму Русецкага, які ў сярэдзіне 19 стагоддзя пабудаваў царкву ў гонар адмены прыгонніцтва. Як чалавек дзяржаўнага розуму, ён мяркаваў: вёска чакае рэформ - памешчыкам патрэбны адукаваныя ўпраўляючыя маёнткамі, сялянам - агранамічныя веды. Таму побач з царквой Фама Русецкі будуе сельскагаспадарчую школу, у якой навучаліся не толькі беларусы, выхадцы з Украіны, Расіі, Прыбалтыкі. Ініцыятыву святара падтрымаў міністр унутраных спраў Расіі Леў Макаў, маёнтак якога і зараз можна пабачыць ў Мар'інай Горцы. А загад аб яе адкрыцці падпісаў імператар Аляксандр Другі. Цяперашні Мар'інагорскі аграрна-тэхнічны каледж - пераемнік той школы і хутка адзначыць 150-годдзе. За гэты час выхавана некалькі академікаў, дзясяткі прафесараў і кандыдатаў навук, тысячы спецыялістаў у рознах галінах сельскай гаспадаркі. А вось храм, з якога пачалася гісторыя навучальнай установы, напярэдадні Другой сусветнай вайны быў узарваны. Аднавіць яго немагчыма, бо вакол падмуркаў царквы старадаўнія могілкі, таму ўзнікла ініцыятыва пабудаваць ля каледжа капліцу ў гонар патронкі студэнтаў святой Таццяны. У 2011 годзе закладны камень асвяціў былы выхаванец каледжа архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Мы заначавалі ў студэнцкім інтэрнаце, і раніцай пабачылі прыгажуню капліцу з цудоўнай іконай яе ахоўніцы. Пакланіўшыся святой Таццяне папрасілі бласлаўлення на далейшы шлях... Нас сустракаюць у гарадскім пасёлку Чысць. На плошчы шматлюдна, ля мікрафона старшыня чысценьскага сельскага выканаўчага камітэта Павел Юр'евіч Філістовіч. З хрэсным ходам ідзём па вуліцах Чысці. На першым скрыжаванні спыняемся ля вялізнага крыжа, дзе прамаўляецца малітва. Сапраўды, такія крыжы - ахоўнікі ўзносіліся на канцы вёсак, але пасёлак цяпер значна пашырыўся. Будаваўся ён ў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі нашы войскі выводзіліся з Германіі. Гарадок узнік па нямецкім праекце, ён вельмі ўтульны , захоўвае прыродны ландшафт і зеляніну. Тады ж пачалося будаўніцтва царквы свяціцеля Мікалая. Побач з ёй удзельнікі экспедыцыі пасадзілі маладыя дрэўцы, а пасля раздачы Святога Агню пачалася сустрэча з прыхаджанамі. Экспедыцыю сустракаюць на шашы ля старадаўняга Ракава... Каравай ад ракаўчан прыняў пісьменнік Анатоль Бутэвіч, ад імя Валожынскага райвыканкама вітаў Вікенцій Адамовіч - загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Сустрэча адбылася ла славутай Ракаўскай крыніцы. Пад яе звонкі спеў слухаем старадаўняе паданне пра з'яўленне тут Ракаўскай іконы Божай Маці. Калісьці ля крыніцы стаяла драўляная Крыжаўздзвіжанская царква, кажуць, на ёй быў звон, адліты ў гонар вянчання цара Мікалая Другога з прынцэсай Гесенскай. Доўгі час ад святыні заставаліся толькі тры прыступкі ва ўяўны храм, які зараз адрадзіўся. Экспедыцыю вітае настаяцель ракаўскай царквы айцец Сергій Лепін і запрашае на хрэсны ход. Ад лясной ускраіны паселішча ідзём да храма ў гонар Праабражэння Гасподняга, здаля вітаюць яго званы, айцец Сергій знаёміць з гісторяй святыні. Нездарма гучыць багародзічнае ўслаўленне: наша пуцяводная ікона Пакрова Дзевы Марыі сустракаецца з тутэйшай святыняй - Ракаўскім абразам Маці Божай. Ёсць ля храма напамін пра Іаана Крандштацкага. Калі прыхаджане былі ў Пецярбугу, падабралі жалуды ад дуба, які той некалі пасадзіў. Далей нас справаджае па Ракаве дырэктар тутэйшай школы мастацтваў Юлія Мякінка. Расказвае пра тутэйшага кампазітара Міхала Грушвіцкага, які нарадзіўся непадалёку ад Ракава. Адукацыю атрымаў у Пецярбургскім універсытэце, і ў 1853 годзе ўзяў шлюб са Станіславай, сястрой вядомага беларускага калекцыянера, пісьменніка і этнографа Аляксандра Ельскага. Яна памерла рана і Грушвіцкі ўшанаваў памяць жонкі сваімі лепшымі творамі. А тым часам падыходзім да месца, дзе некалі быў палац уладальнікаў Ракава Здзяхоўскіх. У розныя часы тут гаспадарылі Вішнявецкія, Завішы, Сангушкі, Агінскія, з сярэдзіны 19 стагоддзя Здзяхоўскія. Яркі след у гісторыі літаратуры пакінуў Марыян Здзяхоўскі, які нарадзіўся тут у 1861 годзе. Яго ракаўскi дом стаў прытулкам літаратараў, у тым ліку Элізы Ажэшка. Марыян сябраваў і перапісваўся са Львом Талстым і, нават, наведваў яго ў Яснай Паляне. Ад сядзібы Здзяхоўскага застаўся будынак, у якім знаходзіцца ракаўскі Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў. Нас вітаюць яго дырэктар Крысціна Лямбовіч, кіраўнік музычных калектываў Лізавета Пятроўская і ракаўскія музыкі. А дарога кліча далей, да святынь Лаўрышава. Слухайце праграму “Святло душы” 7 снежня ў 7.30 і 20.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё./ sobor.by/ Фота hram.by (просмотров 1816) |
Новости разделов: