Па шляху 23-й навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” прайшлася радыёпраграма "Святло душы"
|
30 СЕНТЯБРЯ 2016 (Пятница) 01:08:07 Мінск- Святое-Поле - Баранавічы- Чырвоная Слабада. Па гарадах і вёсках, святых куточках Міншчыны і Гомельшчыны прайшоў сёлета шлях 23-й навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”.Кожны год яна выпраўляецца ад мінскага Свята-Духава сабора. У яго алтары гарыць Нязгасная Лампада Благадатнага Агню, што сыходзіць у Вялікую Суботу ў Іерусаліме. Ад яе запальваецца Лампада экспедыцыі, якая множыць святое святло ў храмах і дамах, школах і бальніцах, на месцах былых баёў. Па традыцыі яе шлях пачынаецца ад мінскага кафедральнага Свята- Духава сабора. Той раніцай мінчане развітваліся з мошчамі святога Сілуана Афонскага, што прыбылі са Святой Гары. Прымаем бласлаўленне епіскапа Барысаўскага і Мар”інагорскага Веньяміна. Наш аўтобус скіроўваецца да могілак ля вёскі Крысава, дзе пахавана блажэнная Валянціна Мінская. Упершыню Святы Агонь асвячае месца, куды імкнуцца людзі, каб прынесціі свае пакаянныя малітвы і просьбы. Часцінка тутэйшай зямліцы будзе падсыпана пры закладцы Садоў Малітвы, што садзяцца на шляху экспедыцыі. Мы прымаем яе ад вернікаў станькавіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы і намесніка старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандра Сяргеевіча Чачына. Месца пахавання матушкі Валянціны квітнее шчодрымі дарамі адходзячага лета, але лепшыя кветкі для яе - нашы малітвы. Калі над сціплымі вясковым могілкамі загучалі словы памінальнай літыі, суцішыўся вецер і надышло адчуванне духоўнага адінства з тымі, хто пакінуў гэты свет. Наступны прыпынак на Святым Полі ля вескі Загор”е, пад Баранавічамі, дзе нас ужо чакаюць з караваем ды песняй ..... Кожны год экспедыцыя наведвае Святое Поле, бо яно спазнала шмат войнаў, і зямля прыняла шмат чалавечых жыццяў. У Першую сусветную тут на тры гады затрымалася лінія фронту. Магчыма, хтосьці з салдат меў пры сябе бласлаўленне - невялічкую ікону Пакрова Божай Маці - і загінуў разам з ёю. Праз шмат гадоў яна трапіла ў коўш экскаватара, які чэрпаў астанкі праху людскога пры будаўніцтве шасейнай дарогі Брэст-Масква, і страх Божы прымусіў будаўнікоў спыніць работу. Ікона ахоўвала сон загінуўшых на Святым Полі, а цяпер стала пуцяводным абразам экспедыцыі і праслаўлена як Загор'е - Сталавіцкая ікона. Ідзём да капліцы Іаана Прадцечы, дзе нас сустракае архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Кожны год ён наведвае гэты аддалены куточак сваёй епархіі, каб аддаць даніну памяці загінуўшым. Кіраўнік экспедыцыі пісьменніца Ніна Загорская спадзяецца: тут паўстане Пакроўскі храм і будуць штодня прамаўляцца малітвы за спачын шматлікіх чалавечых ахвяр. Зноў служыцца памінальная літыя.... Далей наш шлях да Баранавіч. На ўскрайку горада будуецца храм у гонар блажэннай Валянціны Мінскай. Многія нашы храмы пачыналіся з вагончыкаў. Гэтыя нястомныя падарожнікі па чыгуныначных пуцявінах знаходзілі, нарэшце, спачын і рабіліся дамамі Малітвы. Такія часовыя храмы прыхаджане ласкава звалі на біблейскі лад -”скініямі”. Баранавіцкі храм у гонар блажэннай Валянціны Мінскай таксама месціцца ў вагончыку. Увесь прыход і яго настаяцель айцец Антоній вераць, што хутка тут паўстане новы храм..... З Баранавіч экспедыцыя скіроўваецца на Гомельшчыну. За вокнамі аўтобуса ўражвае прамысловы пейзаж: адвалы шахт і руднікоў. Салігорск... Сапраўды, соль - у зямліцы, а зверху горы, тое што застаецца ад яе здабычы. Зямля салігоршчыны прымае Святы Агонь. Лампаду з ім у дарозе трымае ўраджэнец гэтых мясцін Антон Гапановіч, які звяртае нашу ўвагу на паклонны крыж у полі. “Тут, -кажа ён,- калісьці стаяў Троіцкі храм, вакол якога ўзняўся манастыр. Была ў ім шанаваная святыня - Старыцкая ікона Божай Маці. Кажуць, аднойчы на шляху да Слуцка, яго наведаў Дзмітрый Растоўскі - слынны складальнік Жыцій святых. Бязбожнікі зруйнавалі манастыр, неведома куды зніклі манахі. З таго часу тут нішто не расце, колькі людзі не засаджвалі поле. Пасля паставілі на святым месцы паклонны крыж, бо кажуць, што анёлы не пакідаюць зруйнаваных храмаў і моляцца, каб Гасподзь дараваў правіны чалавечыя”. ....Пад'язджаем да Чырвонай Слабады. Раней гэты была вёска Вызна, якая ўзгадвалася з 16 стагоддзя як валоданне праваслаўных князёў Алелькавічаў. Цяпер Чырвоная Слабада разам са Старобінам - другі гарадскі пасёлак у Салігорскім раёне. Разам з намі чырвонаслабадчане ідуць хрэсным ходам да сваёй царквы, дзе пасля малебна запальваюць свечкі ад Святога іерусалімскага Агню. Маленькі храм асвечаны ў памяць беларускага святога Георгія Каніскага. Есць ў яго яшчэ адзін ахоўнік - святы Мікалай Мірлікійскі, бо ранейшы зруйнаваны храм быў у яго гонар. Тутэйшы святар айцец Уладзімір Варашкевіч марыць на яго падмурку адрадзіць тую святыню. 12 дрэўцаў рабін садзяцца ля храма, і кожную восень іх пачырванелыя гронкі будуць нагадваць пра Святы Агонь, які асвяціў салігорскую зямлю. .....Вяртаемся на плошчу з хрэсным ходам. Побач ідуць дзеці, маладыя маці з каляскамі... Усе мы як вялікая сям'я, паяднаная духоўным светам Божага Агню. Праграма “Святло душы” выйшла 1 кастрычніка ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень у 8.30 і 21. 30 на канале “Культура”. / sobor.by/ (просмотров 4335) |
Новости разделов: