| | 24 ИЮЛЯ 2019 (Среда) 06:48:07 20 ліпеня гэтага года з польскай Гайнаўкі выйшаў хрэсны ход у Пачаеў - ужо некалькі дзён ён ідзе праз Беларусь (Берасцейскую вобласць). Далучыцца да яго можна ў любы момант.
У прошлым годзе разам з жонкай дайшоў з палякамі да Пачаева з Вялікарыты (Беларусь) наш чытач Алег Лысюк. Сваім вопытам і ўражаннямі ад перажытага ён рады падзяліцца з Sobor.by. Мо нехта натхніцца аповедам Алега і таксама рушыць пешшу з хрэсным ходам у Пачаеў...
Тэкст: Алег Лысюк
Фота: у матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі розных удзельнікаў хрэснага хода.
Упершыню пра Пачаеў я даведаўся з кнігі Флавіян аўтара прот. Аляксандра Торыка, якую чытаў у далёкім 2013 годзе. Па сюжэце ў Пачаеўскі манастыр адна дзеўчына ездзіла за духоўным суцяшэннем і за адказам на адно пытанне. Як толькі яна наблізілася да брамаў манастыра, да яе падыйшла жанчына і адказала на яго. Мне стала цікава - я праклаў маршут праз google maps да Пачаева са свайго горада - Століна. Выйшла 330 кіламетраў. Вырашыў, што аднойчы паеду туды на ровары.
З таго часу мінула некалькі гадоў. Я стаў бліжэй да Бога і пачаў наведваць храм.
У 2017 годзе даведаўся аб тым, что з Гайнаўкі (Польшча) праз Беларусь у Пачаеўскую Лаўру ідзе хрэсны ход (пілігрымка).
Хрэсны ход - гэта пешшае падарожжа з малітвай і крыжом (і, як правіла, з іконамі і харугвямі) да святыні. Гэта вызнанне Хрыста. Благаславёны той, хто ідзе ў імя Гасподне.
Інфармацыі на той час пра пешы хрэсны ход у Пачаеў у Інтэрнэце амаль не было. Нечакана летам 2017 года пра яго мне распявялі паломнікі, якія штогод ходзяць пілігрымкай з Маларыты ў вёску Лукава (Бярэсцейская вобл.) пакланіцца Лукаўскай іконе Божай Маці. Па іх інфармацыі, хрэсны ход у Пачаеў ішоў з польскай Гайнаўкі праз Берасцейскую вобласць напрыканцы ліпеня. Толькі у наступным, 2018 годзе, мне разам з жонкай пашчасціла да яго далучыцца.
У 2018 годзе з Гайнаўкі хрэсны ход выйшаў 21 ліпеня. У 20-х лічбах ён перасёк мяжу з Беларуссю. Каб даведацца пра графік яго маршрута па нашай краіне, мы да апошняго моманту зтэлефаноўвалісяса з беларусамі, якія падтрымлівалі сувязь з палякамі, што ішлі ў ходзе.
25 ліпеня а 5.40 разам з жонкаю прыехалі на чыгуначны вакзал Бярэсця, адтуль на маршрутцы дабраліся да Вялікарыты, дзе ў тую ноч прыпыніліся паломнікі. Гэта быў апошні дзень хрэснага хода па тэрыторыі Беларусі, увечары мы ўжо перасяклі мяжу з Украінай.
У Вялікарыце нас сустрэў даждлівы ранак. Царква ў гонар прарока Іллі, дзе мы чакалі убачыць паломнікаў, была зачынена. На дароге з заплечнікамі і спальнікамі нас пабачыла праз вакно дома мясцовая жанчына. Падыйшла да нас і павіталася.
- Слава Богу!
Ужо пасля я даведаўся, што на такое вітанне людзі адказваюць "На вякі слава".
Жанчынка запрасіла нас да сябе ў дом, каб мы адпачылі да пачатку службы. Прапанавала каву і чай. У яе доме як раз ночылі некалькі паломнікаў.
Мы даведаліся, што з Гайнаўкі выйшла 48 вернікаў з трыма айцамі. На тэрыторыі Беларусі да іх далучылася некалькі чалавек, сярод якіх і мы. У польскага айца ўзялі благаславенне і рушылі з усімі з Вялікарыты да Пачаева. Наперадзе нас чакаў шлях даўжынёю ў 10 дзён. | | Нам пашанцавала і нашы рэчы закінулі ў невялічкі бус польскія браты - месца ў ім амаль не было, але ніхто не адмовіў.
У першы дзень хутка адольвала стома, кусалі камары і ўпэўнінасці ў тым, што пройдзем да канца, не было. Шлі і маліліся. Пачалося жыццё ў дарозе. З часам пазнаёміліся з беларусамі.
Святлана. Не звярнуць на яе ўвагу было немагчыма - сталая згорбленая бабулечка, якая перасоўвалася з дапамогай дзвух трэкінгавых палак. Для ўсіх у ходзе яна была прыкладам рашучасці і моцнай веры ў Божую дапамогу - пайсці ў такім стане здароўя ў шматдзённы хрэсны ход! Глядзелі на яе і натхняліся, калі нас пакідалі сілы. | | Да беларуска-ўкраніскай мяжы падышлі на закаце з малітвай, іконамі і харугвямі. Уразіла.
Хрэсны ход адстаў ад графіку, а таму пасля мяжы ўсіх на аўтобусах давезлі да горада Ратна. Гэта першы горад, з якога пачынаецца хрэсны ход на тэрыторыі Украіны. У Ратна нас чакаў пры храме накрыты стол. Першую ноч вырашылі пераночыць у храме, хаця была магчымасць адпачыць у людзей.
Кожны дзень хрэснага хода пачынаецца з Літургіі ці з малебна - пры жаданні можна спавядацца і прычасціцца Святых Хрыстовых Таямніцаў. Людзей на працягу усяго хода некалькі разоў на дзень шчорда харчуюць мясцовыя прыходы, на тэрыторыі якіх вернікі прыпыняюцца.
Штодзень да хода далучаліся людзі. Украінскія жанчыны неслі на руках і ў калысках немаўлят і малюкоў. | |
Разам з вернікамі на Украіне да хода далучаліся і мясцовыя айцы - было радасна знаёміцца з імі, гутарыць у нефармальнай атмасферы, разам маліцца, адпачываць і трапезнічаць. | | Сэрца напаўнялася радасцю ад адчування еднасці ва Хрысце - мы ішлі адной вялікай сям’ёй: праваслаўныя палякі, беларусы, украінцы, рускія, нават былі вернікі з Грузіі. | | Кажуць, пад час хода Госпад дасылае блізкіх людзей. Так было і з намі. На другі дзень мы пазнаёміліся з вернікамі з Пачаева, з якімі прайшлі побач шмат часу, сябруем з імі праз соцсеткі па сённяшні дзень. | | Стаяла спёка - каля 30 градусаў. Калі ішлі, пілі шмат вады, часам, ратуючыся, вылівалі яе на твар і шыю, пра што пашкадавалі напрыканцы, бо апаліліся. Хутка заўважылі, што ісці прасцей, калі молішся, а не гутарыш. А яшчэ - адразу за харугвямі і галоўнымі іконамі. | | Другі дзень запомніўся тым, што купаліся ў возеры. На беразе стаялі турнікі - я трохі пазаймаўся, разамнуў спіну. Калі прыйшоў у месца нашай начоўкі у Буцын, рухнуў на зямлю і заснуў. Дзякуючы нашаму новаму сябру паляку пану Міхалу, нас узялі да сябе на ноч мясцовыя жыхары: памыліся, гаспадыня папрала ў машыне нашы рэчы - высахнуць яны не паспелі, таму раніцай замацавалі іх на заплечніках і яны хутка высахлі пад сонцам у дарозе.
Трэці дзень. Ноч хутка праляцела. Цела не паспела адпачыць. Пан Міхал сказаў, што адпачнем дома. Трэба было рушыць. Раніцай пасля сняданка на тэрыторыі храма адзін з нашых новых украінскіх сяброў працягнуў кубачкі - сімвалічна адсвяткавалі яго дзень народзінаў самаробнай настойкай. Гэты сябра прайшоў увесь ход басанож. Я таксама спрабаваў ісці без абутку, але на доўга мяне не хапіла.
У сярэднім у дзень мы праходзілі 30-35 км. Прыпыняліся для адпачынкаў кожныя 2-3 гадзіны, харчавалі нас арганізавана тры разы на дзень, а то і часцей. Калі праходзілі праз вёскі, мясцовыя жыхары выхадзілі на дарогу нас прывітаць, пакланіцца Госпаду і Божай Маці - падыходзілі да ікон, са слязамі дзякавалі за малітву, частавалі нас кампотам, вадой, яблыкамі, мёдам, печывам - хто чым быў багаты. | | Наступным прыпынкам быў Ковель. Начавалі ў верніцы Галіны. Яна з мужам аддалі нам свой ложак. Як дзеці радаваліся звычайным рэчам - душу з гарачай вадой, матрасу, магчымасці папраць рэчы, адпачыць у камфортных умовах.
Раніцай разам з дачкой гаспадыні і яе сяброўкай рушылі ў храм на Літургію, пасля - сняданак і зноў у дарогу. Айцы пропаведзямі натхнялі на подзьвігі. | | У гэты дзень да пілігрымкі далучыўся яе “ветэран” Раман Сцяпанавіч - рэгуліроўшчык хрэснага ходу. Сваім гумарам ён шмат каму запомніўся. Ён сачыў за парадкам: каб людзі не выгодзілі за лінію - нацягнутую ўздоўж калоны хрэснага хода вяроўку. | | 100 кіламетраў. Прыпынак ў Салавічах. Ночылі ў храме. Раніцай пачулі, што адна мясцовая жанчына родам са Столінскага раёна (Беларусь) хацела на ноч узяць да сябе беларусаў - прыгатавала на вячэру кроліка. Сам я са Століна. Цесны свет. Кроліка мы не пачаставалі і жанчыну гэту не пабачылі, але ўсё адно было прыемна. | | | У некаторых паломнікаў на руках ці нагах пачалі з’яўляцца апёкі. Медсестра хрэснага хода сказала, што прычынай таму баршчавік. Пару апёкаў злавіў і я - вырашыў больш не лежаць на голай траве пад час адпачынку. Звярнуўся за меддапамогай.
У гэты дзень мы частаваліcя кавай - гэта была такая радасць, сапраўдная падзея. Пасля абеда і адпачынку каля ракі выходзілі з хрэсным ходам, як пабачылі на дарозе невялічкі бус з адкрытым багажнікам - у ім стаяў вялікі бак з кіпнем. Жонка сказала “вось бы зараз кавы”. І тут чалавек, якія стаяў каля бака, працягнуў стаканчык. У ім была сапраўдная кава з пенкай! Колькі было радасці! Смакавалі кожны глыток.
Пяты дзень. Уладзімір-Валынскі
У гэты дзень мы прыйшлі ў старажытны горад Уладзімір-Валынскі. Нас сустрэў мітрапаліт Уладзімір - трэба было бачыць, з якой радасцю падыходзілі да яго украінскія вернікі, як да роднага любімага чалавека. Уразіла яго адкрытасць і шчырасць. | | Спыніліся ў храме Унебаўзяцця Багародзіцы, які пабудаваў князь Мсціслаў. Храм вельмі велічны з прыўкраснымі роспісамі. На сценах пабачылі нашу Еўфрасінію Полацкую і іншых беларускіх святых. Ночылі ў гэтым храме.
Дзень шосты-дзевяты: Паўлаўка - Гарохаў - Берастэчка
Ніколі не ведаеш, як і дзе будзеш спаць. Мы за ўвесь час хрэснага хода спалі ў храме, у людзей, у намёце, у памяшканні школы. Напэўна, паспрабавалі ўсе вырыянты. Мы зусім не клапаціліся пра ежу і ваду. Усё было арганізавана. Усюду нас цёпла і гасцінна сустракалі. Сэрца напаўнялася ўдзячнасцю да Госпада і людзей. Гэта зменьвала цябе ў добры бок. | | Не было патрэбы несці з сабою рэчы - іх падвазілі. Зранку іх трэба было загрузіць у машыну, а ўвечары дастаць. Трэба было толькі ісці і маліцца. | | Пры падыходзе да гарадоў і вёсак хрэсны ход сустракалі калакольным дзвонам. | | Дзень дзесяты. Радзівілаў
Да гэтага моманту переважна шлі па трасе. Як выйшлі з Берастэчка хрэсны ход пайшоў праз поле. | | Радзівілаў апошні прыпынак перад Пачаевым. Хрэсны ход сустракаў прыход храма Аляксандра Неўскага. Паломінкі, якія не першы раз ішлі ў Пачаеў, вельмі добра ўзгадвалі Радзівілаў. Нас з жонкай запрасіў на ноч у сваю кватэру мясцовы жыхар Уладзімір: ён нам усё паказаў і аддаў ключы, а сам паехаў ночыць да сястры.
Пачаеў. Дзесяты дзень.
Так атрымалася, што калі хрэсны ход выходзіў з Радзівілава, мы адсталі. Нейкі час даганялі яго пешшу, а потым нас падвезла машына да храма, дзе планаваўся перапынак паломнікаў на абед. У храме прачыталі пра гісторыю і цуды ад Пачаеўскай іконы Божай Маці. Пасля прачытанае я ўбачыў у выглядзе роспісаў на сценах храмаў Пачаеўскай Лаўры.
Пры падыходзе да Лаўры ў небе можно было пабачыць крыж з аблокаў. Колькасць хрэстаходцаў дасягнула піку - каля 2 тысяч чалавек. | | | Калі уваходзілі ў Лаўру, побач з намі аказаліся беларусы і нашы ўкраінскія сябры. Адолела шлях наша беларуская бабулечка спадарыня Святлана. Разнасіліся радасныя віншаванні. Лаўра - як маленькі асобны гарадок. У свой час тут служылі Госпаду святыя Іаў і Амфілохій Пачаеўскія.
Дзень адзінаццаты, Свята-Успенская Пачаеўская Лаўра.
Ночылі на тэрыторыі Лаўры ў намёце, які нам далі украінскія браты. Рана прачнуўся. З жонкай пайшлі пакланяцца святыням Лаўры - Пачаеўскай іконе Божай Маці, машчам айцоў Іава і Амфілохія. Пабывалі ў пячоры, дзе маліўся айцец Іаў. Гэта нешта незвычайнае. Душа лікавала. Адпачылі, аглядзелі Лаўру. Для паломнікаў былі арганізаваны трапезы. На працягу ўсяго дня у Лаўру да свята Пачаеўскай іконы Божай Маці прыходзілі хрэсныя хады з розных украінскіх куткоў - на вачах з кожнай гадзінай Лаўра напаўнялася вернікамі. Увечары мы ўсе разам маліліся на богаслужэнні.
5 жніўня, свята Пачаеўскай іконы Божай Маці.
Гэта была нядзеля. Прынялі ўдзел у Літургіі. Паспавядаліся, прычасціліся Святых Хрыстовых Таямніц. Паснедалі і адпачылі. Плана як вяртацца назад не было. Калі мы выйшлі з Лаўры пасля абеда, магчымасці даехаць да Беларусі грамадскім транспартам з Пачаева ўжо не было. Спынілі машыну і даехалі да трасы. Думалі аўтаспынам дабрацца да Роўна, а там на цягніках з перасадкамі даехаць дадома. Але на трасе трапілі пад мацнейшы дождж з маланкамі - вецер зрываў нашы дажджавікі, машыны хутка праносіліся міма нас, ніхто не прыпыняўся. Дайшлі да запраўкі. Трошкі прасохлі. На працягу некалькіх гадзін прасілі кіроўцаў падвесці нас да Роўна. Ніхто не браў. Зноў пайшлі на трасу. Дастаў ікону Хрыста, пачалі маліцца. Праз кароткі час спыніўся бус. Пазнаёміліся з кіроўцам - Пятром. Ён праявіў неверагодную гасцінасць - дзякуючы яму мы ўжо раніцай былі ў Менску. Прыехалі адпачыўшымі, было светлае пачуццё на душы і вялікая удзячнасць Госпаду за ўсё.
Слава Божай Маці! Вялікая падзяка людзям, якія памагалі пад час хрэснага хода.
Канец і Богу нашаму слава.
Група хрэснага хода Гайнаўка-Беларусь- Пачаеў у фэйсбуку >>>
Глядзіце таксама відэа, як прайшоў хрэсны ход з Гайнаўкі ў Пачаеў праз Беларусь у 2018 годзе:
"Не передать словами, какая тут благодать!". Тысячи верующих собрал крестный ход из Польши через Беларусь в Почаев >>>
"Это ход любви!". Божья Матерь объединила в крестном ходе в Почаев поляков, белорусов, украинцев и русских >>>
"Мы идём древними следами". Из Польши в Почаев возродился международный крестный ход через Беларусь >>>
***
Сябры, праект "Расказ паломніка" прысвечаны вашым вандроўкам да святых месцаў. Кожны хоць аднойчы здзяйсняў паломніцтва, успаміны пра якое саграваюць душу, надаюць сілы і натхняюць на новыя прыгоды. Дасылайце свае гісторыі разам з фота на адрас info@sobor.by з пазнакай "Расказ паломніка"!
Глядзіце і чытайце таксама:
Рассказ паломника. На автобусе - в Жировичи: "Я будто оказалась на другой планете" >>>
Расказ паломніка. З хрэсным ходам - да маці Валянціны Мінскай >>>
Расказ паломніка. Як мы хадзілі да Юравіцкай Божай Маці >>>
Рассказ паломника. "Поездка в Телядовичи и Копыль: благодатное – рядом, только стоит оглянуться!" >>>
/ sobor.by/ |
(просмотров 3176) |