BEL ENG DEU FRA



Пісьменнік Алесь Зайка: Любоў пашырае веды

 
  
10 НОЯБРЯ 2015 (Вторник) 16:59:59
У вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна жыве і працуе надзвычай цікавы настаўнік – Алесь Фаміч Зайка. Пасля размовы з ім мой муж, які нават у школе не вывучаў беларускую мову, вырашыў сабраць бібліятэку беларускай літаратуры. І невыпадкова, бо гэты пісьменнік з Косаўшчыны (Заполле знаходзіцца побач са знакамітым мястэчкам Косава, якое асабліва вядома палацам Пуслоўскіх і сядзібай Тадэвуша Касцюшкі - прым. Р.) распаўсюджвае сваю любоў да роднай мовы і родных мясцін так, як квітнеючыя дрэвы, што пад уплывам лёгкага ветрыку разносяць усюды свае пялёсткі і свой водар. У творчай скрыні пісьменніка ўжо нямала набыткаў: "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны", "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны" , "Населеныя пункты Івацэвіччыны". Яны ўнеслі свой вялікі ўклад у айчынную фалькларыстыку. Кніга нарысаў пра вясковае жыццё “Дым з коміна” прасякнута цеплынёй і спагадай да людзей. Да выдадзеных належыць і кніга з даволі вялікай назвай "Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны". Яе прэзентацыя адбылася ўлетку ў Купалаўскім музеі. Кніга выдадзена, а яе аўтар ужо паспеў запісаць шэраг новых трапных выслоўяў. Апроч таго, зусім хутка выйдзе яго новая кніга і ўжо паралельна ідзе работа над дзвюма іншымі.

Але ж крыніца мовы , любові да ўсяго роднага, з якой Алесь Зайка чэрпае натхненне, адкрылася яму не адразу. І было гэта вельмі падобна да таго, як чалавек адкрывае для сябе веру, сустракаецца з Богам, Любоўю. Пра гэтую сустрэчу, пра народную мудрасць, пра хрысціянкасць беларускага характару ідзе гаворка ў нашай размове з пісьменнікам.

- Алесь Фаміч, як даўно Вы пачалі працаваць над кнігай "Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны" ?

- Збор матэрыялу пачаўся яшчэ са школы. Мая бабуля часта нас з сястрой да сябе забірала. А бабуля была з 1885 года, да яе прыходзілі сяброўкі. Іх мова, іх словы мяне вельмі ўражвалі. Я тады і пачаў за імі запісваць. Але пачатак гэтаму майму захапленню, сама таго не ведаючы, паклала настаўніца беларускай мовы. У 9 класе мяне надрукавалі ў адным выданні, і я стаў у школе аўтарытэтам. Пісаў я па-беларуску, але маё апавяданне пераклалі на рускую мову і накіравалі на нейкі дзіцячы конкурс. За перамогу ў ім у 1965 годдзе я атрымаў падпіску на часопіс “Юность”. І раптам стаў рускамоўным. І вось аднойчы на ўроку беларускай мовы настаўніца Вера Фядосаўна ЕРМАКОВА спытала , чаму я не не напісаў сачыненне. А мне, пэўна, тэма падалася нецікавай, і я не стаў пісаць, а настаўніцы вазьмі і скажы: “А што ваша беларуская літаратура? Яе няма!” Яна магла б мяне асекчы, але толькі спытала : “Адкуль ты яе ведаеш?” Гэтыя словы мяне закранулі. Для юнака такое пытанне шмат значыць, бо прымушае разабрацца. “А, сапраўды, адкуль я яе ведаю?” Гэта было сказана вясной, а летам мы разам з іншымі хлопцамі працавалі ў калгасе: абгорвалі, баранавалі… А я яшчэ і кнігі браў чытаць, каб настаўніцы даказаць, яшто беларуская літаратура нічога нявартая. Проста глытаў іх. Адна за адной... І слова адгукнулася. Сваё, роднае слова! Так гаварылі бацькі, бабуля, бабуліны таварышкі. І ў адзінаццатым класе я стаў шчырым беларусам, бо палюбіў. Вось у чым справа - палюбіў! Гэта галоўнае слова. Любоў пашырае веды. Нават у такім бытавым плане: калі знаёмяцца маладыя, то ім цікава даведацца, якія бацькі ў абранніка ці абранніцы, якія ён ці яна былі ў дзяцінстве і шмат іншага. Паглядзіце, як любоў пашырае веды! А калі б яны былі адно аднаму недаспадобы, то ці цікавіла б іх гэта?.. Вось і з мовай у мяне так атрымалася. Калі ў адзінаццатым класе праводзілі творчы конкурс, то я заняў першае месца па прозе, а Алесь Разанаў – па паэзіі. Вось тады мы і пазнаёміліся. Нам тады прапанавалі паступаць у Брэсцкі педагагічны інстытут. Алесь паехаў паступаць у Мінск, у БДУ, а я паехаў у Брэст. Там пазнаёміўся з Алесем Каско, з Міколам Пракаповічам, а пасля і Алесь Разанаў да нас перавёўся. Мы жылі ўсе ў адным пакоі. Шмат гаварылі, чыталі. А пасля была служба ў арміі. Служыў я ў Падмаскоўі, у Хімках. Там падабраў хлопцам бібліятэчку, бо ў Маскве часта бываў у кнігарні “Дружба народаў”, дзе былі і беларускамоўныя выданні. А пасля службы вярнуўся ў роднае Заполле, бо ў мяне былі старэнькія бацькі,іх трэба было даглядаць. У школе гадзін беларускай мовы для мяне не было, і я стаў настаўнікам фізкультуры. Зараз палова фізрукоў у раёне – мае выхаванцы. Я ім прывіў любоў да спорту, і яны мне за гэта ўдзячныя. І мне прафесія была да спадобы, бо любіў займацца з дзецьмі. Пасля ажаніўся, хату пабудаваў сваімі рукамі. І на працягу ўсіх гэтах гадоў я слухаў і запісваў. Нават сны запісваў цікавыя, што людзі расказвалі.. . А пасля захварэў, і працяглы час - цэлых 8 месяцаў – правёў у бальніцы. Там і вырашыў усё сабранае аб’яднаць і апрацаваць. Бо спалохаўся, што ўсё гэта знікне разам са мной. Пасля хваробы мне далі інваліднасць, і я ўжо не мог працаваць у школе. Акрамя таго, у нас жыла цяжка хворая цешча, і трэба было яе даглядаць. Яшчэ мне трэба было тры разы на год - не менш - ляжаць у бальніцы. Там лячыліся людзі з усёй акругі! Я ад іх усё запісваў. Можна было і не ездзіць нікуды - у бальніцы заўсёды была праца. А дома разам з намі была цешча Вера Лушчык, якой я прысвяціў гэтую кнігу. І нездарма, бо яна ўрэшце рэшт стала маім галоўным інфармантам, бо яе мова была жывая і яскравая, так перасыпана трапнымі выслоўямі, прыказкамі, прымаўкамі, што толькі паспявай запісваць. Так і з’явілася гэта кніга.

- Навошта, дзеля чага складалася гэта кніга? Ведаю, што дакладна не ў разліку на дывідэнды, бо выдаеце вы сваю працу на ўласныя грошы, шмат дорыце людзям, і праца ваша наўрад ці калі акупіцца.

- Захацелася сабраць духоўныя скарбы Косаўшчыны. Наша трагедыя ў тым, што мы становімся без’языкімі. Я магу тры гадзіны размаўляць з рускамоўным беларусам, але не пачую ніводнага яркага, вобразнага слова.

- Прабачце, але ж колькі трапных выслоўяў, прыказак , прымавак на рускай мове мы ведаем яшчэ са школы…

- Ведаем, але ў штодзённым жыцці не ўжываем. Руская мова, безумоўна, вельмі багатая. Леў Талсты у сваіх дзённіках таксама не мог не запісваць пачутае ад сялян. Але ж родная для нас мова беларуская.

- Таму, нават звычайна размаўляючы па-руску, звяртаемся за трапным словам да беларускай мовы? Не атрымліваецца адшукаць менавіта тое слова…

- Так. І, заўваж, як толькі хто пачынае па-сапраўднаму пісаць, абавязкова пачынае пісаць і па-беларуску, бо патрэбна глеба. Без яе нічога не будзе. Мы не адмаўляемся і ад рускай мовы, мы на ёй таксама выхаваны. Мы можам размаўляць і па-польску, і па-украінску. І ў гэтым наша багацце. Але шмат хто з тых, хто пісаў па-руску, стаў пісаць па-беларуску. Бо трэба адчуць глебу, трэба, каб было карэнне, каб быў сок. Ці не цуд гэтае выслоўе: зямля такая, што дзіця пасадзі – вырасце…. Ці неяк суседка шматдзетная, якая засталася без мужа, прасіла бабулю: “Вада кіпіць і не гусне - дай што-небудзь укінуць”… Тысячагоддзямі складаўся наш моўны апарат. І таму невыпадкова, што нам лягчэй вымавіць “ён”, чым “он”. Не ўсё так проста ў словах. І я спадзяюся, што гэта адчуе і моладзь. Мне давялося пазнаёміцца з нашым маладым спарцменам Віталем Гурковым, шматразовым чэмпіёнам свету па тайскаму боксу. Дык вось у іх, людзей спорту, нацыянальны дух вельмі ярка выражаны. Бо на спаборніцтвах яны змагаюцца за сваю Радзіму і адчуваюць гонар, спяваючы свой гімн. І кожнаму б такое стаўленне да свайго роднага, бо адысці ад свайго – гэта як адмовіцца ад дзіцяці. Ды і як адмовіцца, калі што ні вазьмі - скрозь яркае слова: сірочы вянок з белых квяток, скрыпучае дрэва доўга жыве, сілаю не будзеш мілаю, скоры паспех людзям на смех, скупы два разы плоціць, сляпы сляпому дарогу не пакажа.

- Алесь Фаміч,ну, а для каго ўся гэта праца, хто ваш галоўны чытач?

- Для каго? А мудрасць, яна для каго? Як гаварыў Скарына ў прадмове да Прыпавесцяў Саламонавых, “Карысна чытаць усякаму чалавеку: мудраму і неразумнаму, багатаму і беднаму, маладому і старому. А найперш тым, хто мае намер засвоіць добрыя норавы, спасцігнуць сапраўдную мудрасць і навуку”. Тым, хто хоча спазнаць мудрасць роднага народа, усім добрым людзям для спажытку духоўнага. І абавязкова дзеткам – на добрае. Кніжка выйшла,а я яшчэ некалькі новых прымавак ужо запісаў: “Памірае не той, хто худ, а каму суд”. “Спераду строй, а ззаду хоць з лапатай стой”... А выдаю свае кнігі я і сапраўды на ўласныя грошы і шмат раздаю. А калі хто хоча купіць, я яму вельмі ўдзячны,бо гэткім чынам ён праяўляе акт міласэрнасці да мяне. Бывае, купляюць з мясцовых сельсаветаў для падарункаў. Мы жывем удваіх з жонкай. Я яшчэ працую. Вось і адкладваем. Нешта вернецца, нешта раздасца. А спонсараў шукаць не ўмею.

- Якія творчыя планы на будучыню ?

- Вось зусім хутка ўжо выйдзе новая кніга “Чысты чацвер”. Можна сказаць, працяг кнігі “Дым з коміна”. Зараз працую над кнігай “Як адзін дзень”, якую прысвячаю майму бацьку – простаму чалавеку, спрадвечнаму земляробу Фаме Якаўлевічу Зайку. Ад яго імя вядзецца гаворка пра падзеі, якімі было адметнае 20-е стагоддзе – ягоны погляд на перажытае. У назву ляглі яго словы, бо бацька часта казаў: “Сынок, прабегла жыццё як адзін дзень”.

- Калі чытала “Дым з коміна” узнікла думка пра тое, што гэта мастацкая кніга з вобразамi з вясковага жыцця і грунтоўная “Прыказкі і прымаўкі”, якая без перабольшвання ўносіць вялікі ўклад у нашу фалькларыстыку, служаць аднаму – апісанню нашага народа, расповяду пра яго: адна пра асаблівасці народнай душы, менталітэту, адносін паміж людзьмі, а другая – мове…

- Так. Прачытаўшы гэтыя дзве кнігі, многія адзначаюць мілагучнасць нашай мовы. Ужо 6 год на кнігу “Дым з коміна ” ў раённай бібіліятэцы чарга. Гэта прыемна, але ж гэта і вялікая праца. Прэзентацыя “Населеных пунктаў Івацэвіччыны” сабрала ў раённым Доме культуры цэлую залу, людзі стаялі ў праходах. Гэтак было і ў Мінску, у Купалаўскім музеі, калі прэзентавалася кніга “Прыказкі і прымаўкі…”А як хораша адазваўся пра яе Ніл Гілевіч! Нядаўна патэлефанавалі з газеты “Звязда” – жадаюць да канца года друкаваць падборку з кнігі. Мне расказваюць, што мае апавяданні публікуюць і ў іншых газетах, але ў якіях дакладна - не ведаю. Я камп’ютарам не валодаю, дык даручыў адной маладой настаўніцы зрабіць рассылку некаторых апавяданняў па нашых выданнях. Вось і публікуюць. Вось адно з іх, з кнігі “Дым з коміна”.

***

Майскі поўдзень . Нядзеля. Залаты бляск на дамах, на дрэвах. Бачу праз вакно - выйшаў на двор дзядзька Іван. Апёрся на веснічкі, паліць цыгарку. І я далучыўся да яго. Стаім, любуемся хуткім пераходам да зеляніны, цвету, дружным, спорым ростам травы… З адным цяжка звыкнуцца, адно засмучае нас: вуліца бязлюдная.

“А некалі нядзелькаю, - узгадвае дзядзька Іван, - вуліца шумела, гудзела віравала ад дзіцячых гульняў і забаў. І старэйшыя не сядзелі ў хаце. Збіраліся, садзіліся па лавачках, гаманілі, успаміналі, жартавалі, туліліся адзін да аднаго. Старэйшыя - сабе, моладзь - сабе. Маладыя песню зацягнуць, паскачуць - не чакалі вечара... Гэта цяпер і старых, і маладых не адцягнеш ад тэлевізара… А раней мой дзед так нас вучыў: “Прыйшла нядзелька - схадзі ў царкву, памаліся Богу. Не маеш магчымасці патрапіць у Божы храм – разгарні, пачытай Біблію. Маеш час – праведай, падтрымай хворага. Занядужыш – цябе адведаюць”. Вучылі : ідзі да людзей, гавары з людзьмі, распытвай пра людзей, святкуй святую нядзельку. Мой мудры дзед… Адгарадзіліся людзі адно ад аднаго, ачужаліся”, - скончыў ён.

Доўга маўчым...І хоць усё навакол поўніцца непаўторным хараством , аддаецца шчодрым у руку цяплом і святлом , на душы крыху маркотна , бо гэтае дзядзькава “а раней”, “а даўней”, яго супастаўленне мінулага з сучасным, на жаль, не на карысць сённяшняга дня.

- А чаму назва кнігі “Дым з коміна”?

- Таму што дым з коміна – гэта сімвал жывой хаты, вобразна кажучы, малітва вёскі.

- Вы сказалі, што “Чысты чацвер ”, якая неўзабаве выйдзе, – гэта працяг кнігі “Дым з коміна”, таксама зборнік замалёвак вясковага жыцця. Раскажыце падрабязней.

- Лепш я што-небудзь зачытаю.

***

Калі б ты расказваў пра свой сад, быццам спяваў песню, я слухаў бы цябе, радаваўся б разам з табою цудам росту, цвіцення і з’яўлення пладоў, але ж ты доўга і нудна жалішся мне на свае выдаткі, малы прыбытак з яго. Ведаеш, чалавеча, ты дарма пасадзіў сад.

***

Дажывае ён век у старой бацькоўскай хаце. Адзін, пакінуты, самотны, а цяпер ужо і без здароўя. Добра яшчэ, што людзі не кідаюць: глядзяць, кубачак малака прынясуць, скарынкай хлеба падзеляцца. Шкадуюць, вядома, бедалагу. Але і дараваць не могуць, што некалі ў маладосці ашукаў дзяўчыну, а замуж не ўзяў - уцёк. І недзе сын, ягоны сын, гадаваўся без бацькі.Маеш тое, што маеш. Заслужыў тое, што заслужыў.

***

Такі быў сквапны, такі зайдросны, што пра яго казалі: “Калі не з’есць,то панадкусвае”. Каб толькі не падзяліцца з людзьмі. З гэтай памяццю і пайшоў на той свет.

***

Старэнькая маці жыве ў дачкі, у горадзе. Ужо і клуначак з адзеннем сабрала на смерць. Просіць каб пахавалі ў сяле, каля мужа. Дачка ўгаворвае: “Мама, і я старэю, і мне цяжка будзе ездзіць глядзець, прыбіраць магілку. А тут, у горадзе, я буду часцей хадзіць да цябе. Не я , то дзяцей выпраўлю. Бабуля моцна гневаецца: “Няхай зарастае, няхай знаку ад маёй магілы не застанецца, але я буду ведаць,што ляжу сярод сваіх людзей.

***

Жанчына расказвае. Нядзелька была.Парэчкі абірала ў агародзе . Насупраць маёй хаты, на вуліцы, сустрэліся дзве жанчыны. Пасталі і давай сварыццы, ганіць адна адну.Пустыя бабскія сваркі. А мяне не бачаць.Пакрычалі, вылілі злосць і разышліся. Адна пайшла дамоў. Другая села на ровар і паехала ў царкву, у суседняяя сяло. Прыехала - бачыць вароты зачыненыя і нікога не відно. Вырашыла, што службы няма і адправілася дахаты.А суседка мая казала, што ў царкве ў той дзень правілася. Бач, Бог вочы закрыў,бо грашыла, не пусціў у царкву. А тая другая жанчына, што сварылася, ідучы дамоў, недзе нядобра ступіла і нагу падвярнула, кульгала тыдзень... І я грашыла, нядзеляю парэчкі рвала. Зварыла варэнне, то ўсе крышкі паўзрывала. Не, усякі грэх будзе пакараны - ёсць Бог на свеце.

***

Стары настаўнік расказваў мне, што дзеці адразу пасля вайны вучыліся з вялікім стараннем. Гаварыў: “Вучыў іх - вучыўся сам. Да паўночы, а, бывала, і да першых пеўняў рашаў тыя задачкі, а потым ужо ішоў да дзяцей.Стараліся, бо раптам усе пабачылі, што савецкая ўлада дае магчымасць вучыцца і з вучэння зарабляць сабе на хлеб. Пры Польшчы вышэй рольніка (селяніна-Р.) беларусу дарогі не было”. Гэтак расказваў стары настаўнік.

А вось яшчэ некалькі думак:

Зрабіць жыццё блізкага чалавека шчаслівым… Усяго аднаго – роднае жонкі… Як цяжка…

***

У прамежку паміж вызначальнымі датамі нараджэння і смерці не менш важнай падзеяй кладзецца і гэта. Мая аднагодка пасля доўгага нябачання ў час прыемнай неспадзяванай сустрэчы хваліцца: “У мяне ўжо ўнукі павырасталі, жаніць пара”. Жаніць, каб доўжыўся род чалавечы...

***

На жаль, разуменне, што паслужыць другому чалавеку - ёсць найвялікшая радасць, - прыходзіць на схіле жыцця.

- Якое Ваша жыццёвае крэда, з якім бы Вам хацелася падзяліцца?

- Кароценькі расповяд пра гэта я таксама ўключыў у новую кнігу: “ Згадалася вычытанае ў святых.”Каля вясёлага чалавека многія ўратуюцца”, - казала Матрона Маскоўская.Яна ніколі не нудзіла, не маркоцілася – сама была вясёлая. Самы вялікі грэх – грэх маркоты, бо страчваем надзею на Бога, а трэба спадзявацца. Бо Ён усё бачыць”… Нельга думаць пра дрэннае,трэба верыць і спадзявацца на лепшае.

 

- Дзякуй за цікавую размову!

/ sobor.by/ Гутарыла Ганна Галкоўская. Фото news.21.by
(просмотров 5447)





Новости разделов:

Беларуская мова

22 МАРТА 2021
17-18 красавіка брацтва свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска запрашае ў паломніцтва ў Мікольскі жаночы манастыр горада Магілева
19 МАРТА 2021
20 сакавіка пачынаюцца заняткі Шахматнага клуба ў мінскім приходе іконы "Усіх тужлівых Радасць"
17 МАРТА 2021
Пры моладзевым брацтве Уладзіміра Хіраска пачаў сваю работу турыстычны клуб
17 МАРТА 2021
Першая вандроўка праваслаўнага турыстычнага клуба "Алеут" - 21 сакавіка мінскую моладзь запрашаюць наведаць філіял музея Янкі Купалы
10 МАРТА 2021
Як мінскае моладзевае брацтва Уладзіміра Хіраска адзначыла Масленіцу. Хочаш гэтак жа - далучайся!
23 ИЮЛЯ 2020
Дабравесце.by: Новый Завет на белорусском языке доступен в интернете
26 ФЕВРАЛЯ 2020
Аб чым больш за ўсё шкадаваў Рыгор Барадулін?
31 ДЕКАБРЯ 2019
Расклад беларускамоўных Літургій у храмах Беларусi на студзень
2 ДЕКАБРЯ 2019
Расклад беларускамоўных Літургій у храмах Беларусi на снежань
4 НОЯБРЯ 2019
Расклад Літургій на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі на лістапад
5 ОКТЯБРЯ 2019
Расклад Літургій на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі на кастрычнік 2019 года
2 СЕНТЯБРЯ 2019
Расклад Літургій на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі на верасень
  Интервью

30 МАРТА 2024
Интервью священника прихода храма иконы Божией Матери «Всех скорбящих Радость» протоиерея Виктора Мельникова (2-я часть)
24 МАРТА 2024
Программа Белорусского телевидения «СИЛА ВЕРЫ» взяла интервью у священника прихода храма иконы Божией Матери «Всех скорбящих Радость» протоиерея Виктора Мельникова
19 МАРТА 2024
Программа "Сила веры" рассказала о премии "За духовное возрождение". В числе первых награжденных - протоиерей Игорь Коростелев
14 МАРТА 2024
26 января в эфир на телеканале "Беларусь 3" вышла программа "СИЛА ВЕРЫ", посвященная знакомству с Минским приходом храма иконы Божией Матери "Всех скорбящих Радость"
27 ДЕКАБРЯ 2023
ВРЕМЯ ДУХОВНОГО ВОЗРОЖДЕНИЯ
22 ДЕКАБРЯ 2023
Интервью светлой памяти протоиерея Сергия Гордуна - в программе "Сила веры" рассказывает протоиерей Игорь Коростелев
16 СЕНТЯБРЯ 2023
Очередной выпуск программы «Сила веры» посвящён приходу иконы «Всех скорбящих Радость»
23 АВГУСТА 2023
Продолжение интервью протоиерея Игоря Коростелева смотрите в программе «Сiла веры», посвященной 30-летию прихода иконы «Всех скорбящих Радость» (видео)
10 АПРЕЛЯ 2023
В программе «Прикосновение к свету» на телеканале СТВ вышло интервью с регентом Ольгой Янум
6 АПРЕЛЯ 2023
Церковная музыка - это, наверное, это самый прямой и короткий путь для детей к Богу: регент детско-юношеского хора «Встреча» Людмила Литошик
27 МАРТА 2023
Ольга Янум, Семен Климанов, Мария Бахвалова - в программе «Свет души» рассказывают о концертах «Песнопения Великого поста»
28 ЯНВАРЯ 2023
Смотрите программу «Сiла веры», посвященную 30-летию прихода иконы «Всех скорбящих Радость» (видео)
  Просвещение

28 МАРТА 2024
Учащиеся 43 гимназии г.Минска посетили приход иконы Божией Матери "Всех скорбящих Радость"
15 МАРТА 2024
Руководитель Социальных мастерских приняла участие в работе Всероссийского научно-практического семинара
28 НОЯБРЯ 2023
Стартовал республиканский конкурс «Молодежь Беларуси за жизнь, нравственность и семейные ценности»
9 ОКТЯБРЯ 2022
Стартовал конкурс на присуждение стипендии имени митрополита Филарета (Вахромеева)
9 ИЮЛЯ 2022
Занятия Летнего библейского института пройдут в Минской духовной семинарии в августе
27 ИЮНЯ 2022
В Минском духовном училище состоялся выпускной акт
6 ИЮНЯ 2022
Минская духовная семинария приглашает на занятия Летнего богословского института
6 ИЮНЯ 2022
Летняя православная школа приглашает детей из Бобруйской епархии
20 АПРЕЛЯ 2022
Просветительский центр Фонда Евфросинии Полоцкой приглашает на цикл лекций «Три ветви христианства: чем они отличаются друг от друга?»
15 МАРТА 2022
Начался прием документов на участие в конкурсе изданий «Просвещение через книгу»
14 МАРТА 2022
Цикл лекций «Историческая география Беларуси» пройдет в Минске
5 МАРТА 2022
Вручены дипломы церковным звонарям - выпускникам 44 набора отделения звонарей МДУ
Новости
Архив новостей :

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004-2016.