Памяць свяшчэннамучаніка Іаана Вячоркі святкуе сёння Царква

  Свяшчэннамучанік Іаан Вячорка (1890–1933) уваходзіць у Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай. Нарадзіўся ён у вёсцы Касарычы Бабруйскага павета ў сям’і псаломшчыка.

Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1913). Накіраваны псаломшчыкам у Георгіеўскую царкву ў родную вёску. Праз 2 гады рукапаложаны ў іерэі і прызначаны настаяцелем царквы ў гонар Пакрову Божай Маці ў вёсцы Крываносы Старадарожскага раёна.

Падчас польскай акупацыі 1919-20 гадоў падвяргаўся ўціску з боку новай адміністрацыі. Першы раз быў арыштаваны ў 1928 годзе, калі прыход не здолеў своечасова заплаціць непамерны падатак, што накладаўся на цэрквы, і пасаджаны на 9 месяцаў у слуцкую турму. Вярнуўшыся, працягваў служыць у царкве.

Паўторна арыштаваны 18 сакавіка 1933 года з шэрагам актыўных прыхаджан паводле ілжывага абвінавачання ў "антысавецкай агітацыі". Падчас допытаў адмовіўся прызнаць сваю віну і заявіў: "Прад’яўленыя мне абвінавачанні з’яўляюцца перашкодай для выканання абрадаў рэлігійнага культу і маюць на мэце закрыццё царквы. У сваёй дзейнасці я не выходзіў за рамкі рэлігійных абрадаў". Праз месяц пакутніцкіх допытаў быў расстраляны без суда і следства ў Бабруйску.

Сям’я святара ў маі 1933 выслана на Урал.

Рэабілітаваны прэзідыумам Мінскага абласнога суда 11 чэрвеня 1960 года. Асабовая справа В. № 16555-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У 1999 годзе Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы кананізаваны і  далучаны да ліку святых новапакутнікаў.

Па матэрыялах marakou.by  і sppsobor.by/ sobor.by/

Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru


© www.sobor.by 2004 - 2026.