Паэт, які шукаў Бога: да 125-годдзя са дня нараджэння Максіма Багдановіча
9 ДЕКАБРЯ 2016 (Пятница) 15:21:12 9 снежня – дзень нараджэння самароднейшага беларускага паэта Максіма Багдановіча.Хто для нас Багдановіч? Ці можа яго жыццё, ягоныя творы чамусьці навучыць сённяшняга праваслаўнага беларуса, альбо Багдановічу прысуджана назаўсёды застацца толькі тэмай са школьнага падручніка?.. Прапануем вам разам з намі адшукаць адказы на гэтыя пытанні ў гісторыі жыцця і творах самага незямнога з беларускіх паэтаў. Жыццёвы шлях Багдановіча кароткі – усяго 25 год. Будучы беларускі класік нараджаецца вечарам 9 снежня ў сям’і служачых. Бацька яго, Адам Ягоравіч, здаўна захапляўся беларускай культурай і даследваў яе, у тым ліку і абрадавы бок, што нямала паўплывала і на яго сына. Калі чытаеш біяграфію Максіма Багдановіча, звяртае на сябе ўвагу незвычайная апантанасць паэта сваёй працай, а роўнеж і незвычайнае жаданне рабіць дабро, быць карысным іншым людзям. Мала хто ведае, што тую самую беларускую мову, на якой пісаў паэт, ён ведаў не ад нараджэння і вывучыў сам, бо выхоўваўся ў рускамоўнай сям’і. У гэтакім стаўленні да сваёй Радзімы ёсць рысы вялікай, сапраўднай любові. Гэтая любоў – не рэвалюцыйны запал і не прывязанасць да палітычных цячэнняў, характэрныя да шматлікіх творцаў таго часу, не. Гэта хутчэй любоў хрысціянская, хрысціянскі клопат за зямлю сваіх бацькоў і за тых, хто вымушаны на гэтай зямлі пакутаваць. Так, памыляецца той, хто думае, што Багдановіч – гэта пра грамадства ды пра змены палітычнага строю, бо Багдановіч – гэта пра любоў. Любоў да ўсяго на свеце, любоў без межаў – і да прыроды (“Маёвая песня”), і да Радзімы (“Пагоня”, “Эміграцкая песня”), любоў нават у такіх дробязях, на якія мы б і ўвагі ніколі не звярнулі (цыкл “Места”). А яшчэ – вобраз Мадонны, жанчыны-маці, які пранізвае ўсю яго творчасць, і пастаянная памяць смертная, чаму спрыяла, акрамя незвычайнага светапогляду, і цяжкая хвароба паэта – сухоты (рус. туберкулёз). Вось паглядзіце: Шмат у нашым жыцці ёсць дарог, А вядуць яны ўсе да магілы. І без ясных надзей, без трывог, Загубіўшы апошнія сілы, Мы сайдзёмся, спаткаемся там, І спытаем сябе: для чаго мы Па далёкіх і розных пуцях Адзінока йшлі ў край невядомы? І чаму паспяшаліся так, Напружаючы ўсе свае сілы, Калі ціха паўзушчы чарвяк Ўсё ж дагнаў нас ля самай магілы? Чытаючы Багдановічаўскія вершы, бачыш, наколькі розным быў шлях яго да Бога, шлях да прыняцця веры і пакорнасці перад Божай воляй у сваім жыцці. Вядома, што за сваё кароткае жыццё паэт адпакутваў шмат, бо згубіў некалькіх блізкіх людзей па прычыне сухот. Але яшчэ больш характэрным было для яго нежаданне мірыцца са сваёй уласнай хваробай і з часам прыходзіўшым разуменнем таго, што, магчыма, не ўсе планы атрымаецца здзейсніць, як і не атрымаецца здзейсніць сваю вялікую мару – пакінуць пасля сябе дзіця. З цягам часу ўсё больш і больш разумеў Багдановіч, да чаго вядзе яго хвароба, і не бачыў ён магчымасці з гэтым змірыцца. Такім настроем напоўнены і яго твор “Страцім-лебедзь” – уласнае тлумачэнне фрагмента з гісторыі пра Ноеў каўчэг. Але здаецца, што ў канцы жыцця Багдановіч знаходзіць той мір, які ён шукаў так даўно, і сведчанне гэтаму – надпіс на вокладцы кнігі, знойдзены каля цела паэта пасля яго смерці: Ў краіне светлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты, Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты. Калісьці, ва ўзросце толькі 22 гадоў, Максім Багдановіч напісаў унікальнае апавяданне, свой “Апокрыф”. У невялікім творы – гісторыя таго, як праз сем тысяч год пасля стварэння свету Хрыстос ізноў сышоў на зямлю і хадзіў па ёй, але ніхто не пазнаў Яго. У вусны Госпада Багдановіч укладвае словы, якія можна лічыць яго духоўным запаветам, бо яны раскрываюць яго стаўленне да галоўнага ў жыцці: “Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?” Надзея Філіпчык. Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстоўвалася інфармацыя з партала archives.gov.by. / sobor.by/ (просмотров 3295) |
Новости разделов: