Уручаны ўзнагароды пераможцам конкурсу “Згадаць усё. Вера за савецкім часам”
31 кастрычніка ў аддзяленні катэхізатараў мінскага духоўнага вучылішча адбылося ўганараванне пераможцаў конкурсу відэа-інтэрв᾽ю “Згадаць усё. Вера за савецкім часам”.
Гран-пры конкурсу атрымала настаўніца з Маладзечна Вольга Пятрова, праца якой была прысвечана жыццёваму аповеду праваслаўнага святара а. Іаана Крупко. У інтэрв᾽ю святара раскрываецца няпросты лёс царкоўнага дзеяча ў часы ўціску рэлігійнай свабоды, яго шлях да служэння і тыя цяжкасці ды перашкоды, якія ўзнікалі перад тымі, хто жадаў звязаць сваё жыццё з душапастырскай дзейнасцю.
Журы конкурсу таксама адзначыла прызавымі месцамі працы відэарэжысёра з Гродна Аляксандра Ганца, гісторыка і музыказнаўцы Алёны Шацько ды гісторыка Вадзіма Урублёўскага.
Арганізатарамі конкурсу выступілі Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія пры мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ды праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі” (МГА “Гісторыка”).