Расказ паломніка. З хрэсным ходам - да маці Валянціны Мінскай
Сябры, у рамках праекта "Расказ паломніка" сёння мы рады запрасіць вас да святой блажэннай Валянціны Мінскай, што пакоіцца на сельскіх могілках вёскі Крысава пад Мінскам. У дзень Сабору Беларускіх святых, 25 чэрвеня, у хрэсным ходзе да месца спачыну блажэннай старыцы ўдзельнічаў наш чытач Алег Лысюк.
Тэкст і фота: Алег Лысюк
Ушанаваў Госпад Беларускі край святымі, што добра дагадзілі Яму! (радок з трапара Сабору Беларускіх святых)
Для мяне стала традыцыяй ездзіць на свята Сабору Беларускіх святых у Гародню. У гэты дзень там кожны год праз увесь горад здзяйсняецца хрэсны ход да храма ў гонар Сабору Беларускіх святых. Але ў гэты раз разам з вернікамі я адправіўся да маці Валянціны Мінскай, якая сваім жыццём праславіла Госпада.
З мінскага кафедральнага сабора да святой Валянціны кожную нядзелю пасля ранішняй Літургіі адпраўляецца хрэсны ход. Ад ст. Інстытут Культуры ідзе цягнік да ст.Пяцігор'е (каля 25 хвілін). На станцыі паломнікі выходзяць і пешшу ідуць да святога месца з малітвай і іконамі - заўвага Рэд.
Шлі мы кіламетра 2 з пераважна Іісусавай малітвай, спявалі трапар маці Валянціне. На прыпынку пад час ходу адзін з паломнікаў звярнуў увагу, што трэба маліцца пра духоўныя патрэбы: прасіць у Госпада дапамогі, каб меньш грашыць. Задумаўся.
Бачылі поле з каласамі, што гнуліся ад ветру - прыгажосць.
Кожны крок у ходзе набліжае нас да Госпада...
Трыццаць хвілін, што ішлі, праляцелі незаўважна. Калі дасягнулі месца спачыну святой Валянціны Мінскай, нас прывітаў з іконы Сабор Беларускіх святых.
Аўтар наступных фота: Кацярына Ермакова
Паломнікі добра папрацавалі над упрыгожваннем святога месца. Васількі і рамонкі дарылі святочны настрой людзям. Дэкаратыўныя крыжыкі ззялі на сонцы. Былі і рушнікі з усіх абласцей Беларусі – гэта наша геаграфія святасці: Полацк, Тураў, Жыровіцы, Пінск, Менск, Слуцк, Беласток, Карма, Гомель, Бярэсце, Віцебск і іншыя гарады і вёскі.
Трэба ведаць сваіх святых, маліцца ім і шанаваць іх. Яны - святая гісторыя нашага краю і нашы карані, душа нашага народу. Калі мы будзем задумвацца над гэтым, то зразумеем, хто мы ёсць.
Усе Беларускія святыя за нас маліцеся Госпаду, / каб мы ў веры і справах плод добры прынеслі / (радок з трапара Сабору Беларускіх святых)
***
Праект "Расказ паломніка" прысвечаны вашым вандроўкам да святых месцаў. Кожны хоць аднойчы здзяйсняў паломніцтва, успаміны пра якое саграваюць душу, надаюць сілы і натхняюць на новыя прыгоды. Дасылайце свае гісторыі разам з фота на адрас info@sobor.by з пазнакай "Расказ паломніка"!