| | 14 ЯНВАРЯ 2020 (Вторник) 14:09:16 9 студзеня брацтва свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска мінскага прыходу іконы Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць" адзначыла свята Нараджэння Хрыстова прэм'ерай імпрэзы "Прынцэса і свінапас" паводле аднайменнай казкі Г.Х.Андэрсана.
Гэта ўжо 21-ы па ліку спектакль, які ладзіць брацтва. "Мы намагаемся заўсёды падбіраць такія спектаклі, якія нясуць у сабе штосьці добрае, дапамагаюць нам станавіцца лепш у маральным плане. Увогуле, усе казкі нечаму вучаць, нясуць у сабе народную мудрасць. Таксама і казкі Г.Х.Андэрсана, усім вядомыя з дзяцінства, не дарма яны маюць сусветную вядомасць", - адзначыў кіраўнiк брацтва Аляксандр Пяткевіч.
Па традыцыі ўсю падрыхтоўку да спектакля, а таксама яго пастаноўку братчыкі і запрошаныя акцёры ўзялі ў свае рукі. Усяго у пастаноўцы ўдзельнічалі 8 чалавек. Рэжысёрам і мастацкім кіраўніком выступіла матушка Алена Скварцова, за гук адказвалі Валянціна Патапеня з Аляксеем Фаміным.
Як адзначыў духаўнік брацтва протаіерэй Аляксандр Пронін, брацкі тэатр за гады свайго існавання пераўтварыўся амаль што ў прафесіянальны, і таму глядзець на новыя пастановы без захаплення немагчыма.
Пасля прагляду артысты разам з іншымі братчыкамі, а таксама госці накіраваліся ў прыхадскую трапезную, дзе іх чакаў салодкі стол. Падчас вечарыны адбылося віншаванне з днём нараджэння намесніка старшыні брацтва, а па сумяшчальніцтву адной з галоўных гераінь "Прынцэсы і свінапаса" Наталлі Сафронавай.
За свою дваццацігадовую гісторыю брацтва значна павялічылася, за кошт таго, што былыя яго члены стварылі сем’і, і цяпер на святы прыходзяць са сваімі дзяцьмі, колькасць якіх у некаторых сем'ях дасягае і чатырох. Але далёка не ва ўсіх у гэты вечар атрымалася далучыцца да святкавання. Нягледзячы на гэта амаль усе месцы ў зале былі занятыя і трапезная нагадвала дзіцячы садочак. Сумаваць дзецям не прыйшлося, таму што у госці да іх завітаў Дзед Мароз, якому яны доўга спявалі песні і расказвалі вершыкі. Вечар працягнуўся гульнямі.
Такім чынам, падыйшоў час развітвацца, і госці пачалі разыходзіцца па хатах, але ж па іх бадзёрым настроі і радасных успамінах сапраўды адчувалася Свята, якое прыйшло на зямлю калісьці ў маленькай калысцы недалёка ад Віфлеема.
У бліжэйшы час братчыкі наведаюць са спектаклем дзіцячыя дамы і розныя сацыяльныя ўстановы./ sobor.by/ (просмотров 4435) |