Радыёпраграма “Святло душы” раскажа пра кнігу “Нясвіжчыны духоўныя крыніцы”
29 МАЯ 2015 (Пятница) 10:27:46 70 гадоў таму, калі ў гісторыю сыходзілі апошнія баі Вялікай Айчыннай вайны, у маленькім беларускім гарадку Нясвіжы ў будынак былой ратушы людзі неслі тое духоўнае багацце, што не папаліла ваеннае ліхалецце - свае кнігі. Гэта сведчыла пра спадзяванні людзей на лепшае жыццё, іх веру ў перамогу чалавечнасці, духоўнага пачатку.У тыя дні Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. Сёлета, у канцы красавіка, яна адсвяткавала сваё 70-годдзе. Падарункам да юбілею стала выданне кнігі “Нясвіжчыны духоўныя крыніцы”, якая сканцэнтравала вопыт сумеснай духоўна-асветніцкай работы супрацоўнікаў бібліятэкі, мясцовай улады і нясвіжскага святарства. "Сеяў Гасподзь насенне веры і любові. Адно зернетка трапіла і на жыватворную глебу Нясвіжчыны. Неўзабаве з’явіўся невялікі парастак і назвалі яго “Ноевым каўчэгам”. Парастак рос. Яго ўдабралі словы святара і многія прыходзілі сюды, каб пачуць іх. Хутка парастак ператварыўся ў маладое дрэўца. На яго кроне з’яўляліся ўсё новыя і новыя галінкі. І толькі адна з іх ужо мела першапачатковую назву. А ўсё дрэўца стала “Існасцю”, да якой імкнуліся новыя людзі. Іх было так многа, што ўжо не адзін святар вымушаны быў казаць сваё слова. Усе святары Нясвіжскай зямлі падняліся ў абарону слова Божага. І гэтага было мала. Тады далучылася да іх шмат іншых людзей розных прафесій і званняў. Дзеля чаго? Каб абудзіць заспаныя душы, каб не даць патануць у нявер’і і спакусах гэтага свету, каб упэўніць маладых і сталых, што Гасподзь ёсць і чакае нас". Так паэтычна апавядаецца ў кнізе пра нялёгкую, але агульную працу, якая распачался ў Нясвіжы з нараджэннем духоўна-асветніцкага клуба для падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”. Гэты біблейскі сімвал ратавання стваральнікі клуба абралі таму, што па сваім жыццёвым вопыце ведалі: толькі аб'ядноўваючы мудрасць свету зямнога і мудрасць Божую можна пабудаваць жыццё правільна. Першым мерапрыемствам стала экскурсія для старшакласнікаў у нясвіжскую царкву. Для кожнай падзеі свой час, для кожнай справы – свае выканаўцы. Тое, што не пад сілу аднаму, пад сілу другому, каго Гасподзь благаславіў папрацаваць на ніве духоўнай. 24 студзеня 2010 года па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама і благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэя Аляксандра Данчанкі пры цэнтральнай раённай бібліятэцы Нясвіжа быў адкрыты духоўна-асветніцкі цэнтр “Існасць” і распрацавана праграма яго дзейнасці. Яна рэалізуецца праз супрацоўніцтва Нясвіжскага благачыння, раённага выканаўчага камітэта, сеткі раённых бібліятэк, рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны”, навучальных устаноў горада і раёна, устаноў аховы здароўя і прадугледжвае правядзенне духоўна-асветніцкіх лекторыяў для дарослых пры бібліятэках горада і раёна, супрацоўніцтва з установамі аховы здароўя, правядзенне на раённым радыё духоўна-асветніцкай перадачы “Абуджэнне”, выданне ў раённай газеце духоўна-асветніцкай старонкі “Вытокі”, падрыхтоўку семінараў і метадычных рэкамендацый для настаўнікаў, раённых духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Своеасаблівым каўчэгам выратавання для чалавека з'яўляецца сям'я. У загадчыцы нясвіжскага дзіцячага садка “Караблік” Вольгі Пуляк акрамя ўласнай, ёсць сям'я з некалькіх сотняў выхаванцаў. Кожнае дзіцё - падарунак Божы, і справа бацькоў і выхавацеляў быць сатворцамі Божай справы на зямлі, заўважыць у дзіцяці парасткі Божага прызвання. У дзіцячай установе “Караблік” - немалы вопыт духоўна- маральнага выхавання, тут з маленства далучаюць да спраў міласэрднасці. Святары наведваюць садок, каб пагутарыць з бацькамі і выхавацелямі, пабываць на святочных ранішніках. У кнізе “Нясвіжчыны духоўныя крыніцы” змешчаны шчырыя споведзі тых, хто набыў веру ў жыццёвых выпрабаваннях, расказы пра паломніцтвы па шляхах праваслаўнай Беларусі і незабыўныя сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі і святарамі. Не аднойчы падчас презентацыі кнігі ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы выказвалася шчырая падзяка за падтрымку старшыні Нясвіжскага райвыканкама Івану Крупко, намесніку старшыні Нясвіжскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Аляксандру Майсені, галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалогіі культуры і па справах моладзі Наталлі Рыбаковай. А ўсім нясвіжскім рупліўцам на ніве духоўнасці былі выказаны словы падзякі ад епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія. Слухайце праграму “Святло душы” 30 мая ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор у той жа дзень ў 8.30 і 21. 30 на канале “Культура”. / sobor.by/ Фота з прэзентацыі кнігі "Нясвiжчыны духоўныя крынiцы" (просмотров 3475) |
Новости разделов: