Па шляху 32-й духоўна-асветнiцкай экспедыцыi "Дарога да святыняў". Мiнск-Святое Поле-Зэльва (2-я частка)
Працягваецца падарожжа з удзельнікамі 32-й духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”. Мы крочым з Благадатным Агнем ад Гроба Гасподняга і цудатворнай Загор'е-Сталовіцкай іконай Божай Маці.
Скіпоравічы. Аўтобус спыняецца ля капліцы ў гонар 1030-годдзя Праваслаўя на беларускай зямлі і 30-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі.
Сустракаюць дзяўчаты ў прыгожых беларускіх строях з караваем ды гарманістам. Заходзім у “Хату брыгадзіра”. Гэта ўнікальны мясцовы музей вясковага побыту канца мінулага стагоддзя. Уражаваюць вялізныя, у чырвоным пераплеце, кнігі дасягненняў у сельскай гаспадарцы. Фатаграфіі перадавікоў – палявода Адэльфіны Казіміраўны Бараноўскай, ветэрана вайны пастуха Вікенція Міхайлавіча Дарафейчыка. Іх даўно няма на свеце, а памяць аб працоўных дасягненнях жыве. Наша Лампада асвятляе гэты сціплы вясковы дом, у якім спыніўся час.
Праз некалькі хвілін - паселішча Казлоўшчына. Нас чакаюць моладзь, святар, мясцовае кіраўніцтва ля воінскага мемарыяла.
Гутарым са старшыней Казлоўшчынскага сельскага савета Алай Дзмітрыеўнай Гарадко.
Хрэсны ход рушыў да Успенскай царквы. У даўнія час быў у Казлоўшчыне Ільінскі храм, які згарэў. Перад Першай сусветнай вайной прыязджала камісія: планавалася святыню адрадзіць. Аднак, толькі ў 1927 годзе, “за польскім часам”, храм адбудавалі і ў наступным 1928-м асвяцілі. Успенская царква - помнік драўлянага дойлідства. Цяпер абкладзена цэглай. Вакол шыкоўныя кветнікі. Пасля службы садзім новыя дрэўцы. Настаяцель храма айцец Георгій Ярмоліч разам з прыхаджанамі шануе сваю святыню.
Дзятлава. Так часта экспедыцыю сустракаюць у храмах вялікодным воклікам, бо з намі Лампада з Іерусалімскім Агнем - святло Пасхі Хрыстовай.
У часы Вялікага Княства Літоўскага Дзятлава, да 1866 года, звалася Здзецелам ці Здзяцелам. Валодалі ім розныя магнацкія роды, у тым ліку захавальнік Праваслаўя на беларускіх землях князь Канстанцін Астрожскі, які падбудаваў тут драўляную царкву.
Пра гісторыю дзятлаўскіх святынь размаўляем з настаяцелем храма ў гонар Святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы рускай, дзятлаўскім благачынным Іаанам Кісялем.
Хрэсны ход ад царквы рушыў да воінскага мемаряла.
Гарадок пацярпеў ад многіх войнаў. У Паўночную тут знаходзіліся галоўныя сілы русскай арміі, і тыдзень кватараваў Петр Першы, пасля чаго шведы спалілі паселішча.
У Дзятлавае ёсць помнік тутэйшаму “Сусаніну“ Іосіфу Філідовічу: магутная постаць селяніна з падарожным посахам. Ен добра ведаў глухія мясціны Ліпічанскай пушчы, дапамог наладзіць партызанам шпіталь. Зімой 1942 года нацысцкія карнікі пачалі баявую аперацыю супраць партызан, яны схапілі старога,пад пагрозай гібелі родных, патрабавалі паказаць туды дарогу, а ен завеў іх ў багну.
Есць на дзятлаўскіх могілках незвычайны помнік - ”Дзецям ліхалецця”.
Детству, войною сожженному, Жертвам фашистской чумы Память священная,память бессонная, Вечная память живых
Тут пахаваны дзеці з Ленінграда, Прыбалтыкі, Беларусі, Смаленскай, Арлоўскай абласцей і з міжнароднага піянерскага лагера, якія загінулі ад голаду, эпідемій, закатаваныя ў 1943-44 гадах. Бацькі іх былі вядомымі дзеячамі камуністычага руху замежжа. Толькі 14-ці з 70-ці вядомы прозвішчы. Ім было ад двух з паловай да 12 гадоў. Побач пахавана іх выхавацелька Валянціна Рыгораўна Кеп. Як магла, яна дапамагала дзецям выжыць.
І яшчэ адна гісторыя з вайны.
У 1971 годзе Львом Голубам - рэжысерам фільмаў пра дзяцей ваеннага ліхалецця: “Міколка-паравоз”, “Дзяўчынка шукае бацьку”, быў зняты фільм “Паланэз Агінскага”. Рэальную гісторыю, якая адбылася ў гады вайны, яму падказаў пісьменнік Канстанцін Губарэвіч. Яна пра хлопчыка са скрыпкай. Сваей ігрой ен прыцягваў увагу немцаў, тым дапамагаў партызанам выконваць баявыя заданні. Частка эпізодаў здымалася ў Дзятлава, у знакамітым касцеле, арганіст якога, па сюжэце, выратаваў хлопчыка падчас аблавы.
Дырэктар Дзятлаўскага краязнаўчага музея Вераніка Уладзіміраўна Паўлоўская вядзе на сустрэчу з калегамі.
Раніцай нас чакала Іўе.
Эфір 4 красавіка ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радые. Паўтор у 13.30 на канале “Культура”.