Па шляху 32-й духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”. Іўе
Праграма "Святло душы" працягвае расказваць пра 32-ю духоўна-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў”.
Раніца трэцяга дня выдалася пахмурнай: дзьмуў халодны, пранізлівы вецер, мітусіліся па небе хмары, не супыняўся надакучлівы дождж.
Ля кветніка, на раздарожжы, жартаўлівая шыльда - Парыж-Наваградак. Тут нас прывітала дзяўчына з караваем. Праз некалькі хвілін - Іўе. Пэўна, нашы святыні стварылі сапраўдны цуд: дождж скончыўся, хмары некуда зніклі, над горадам ззяла сонца.
Разыходзімся на сустрэчы з месцічамі.
Веска Лукашына. Тут, у доме з прыгожымі кветнікамі, жывуць састарэлыя людзі.
Нас уважліва слухаюць, беражліва прымаюць апаленыя Святым Агнем свечкі, перадаем каравай на пачастунак. Потым размаўляем з Марыяй Іванаўнай Ледаховіч - гаспадыняй прытулку.
На экскурсію па Іўі кліча Алена Віктарава, дырэктар Іўеўскага музея нацыянальных культур.
Яна пачынаецца ад візітнай карткі горада - памятнага знака "У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны". Велічны знак талерантнасці ўяўляе сабой чатыры белыя аркі, упрыгожаныя рэлігійнымі сімваламі — праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай. На адной – выява Спаса Нерукатворнага з іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Уверсе словы “Я есть путь к истине и истина, и жизнь",на другой – выява папы Рымскага Іаана Паўла ІІ з заклікам “Адчыніце дзверы Хрысту!”, на трэцяй – мусульманская сімволіка і Каран, а чацвертая стэла ўпрыгожана падсвечнікам – мінорай (сімвал дзяржавы Ізраіль) і словамі на рускай мове і іўрыце “Мир вам!”.
Іўе - горад, дзе ў згодзе на працягу вякоў жылі людзі чатырох канфесій.
Крутыя вулачкі прывялі да крыніцы, асвечанай у гонар Архангела Міхаіла. У зеляніне дрэў чырвонае сардэчка-прызнанне ў любові - Іўе. Есць паданне, што назва пайшла ад вербаў, што ў мностве раслі навокал. Па другой легендзе яго заснавала княгіня Ева, жонка вялікага князя Гедыміна, якая пабудавала тут замак.
А потым - сустрэча ў Палацы культуры.
Эфір: 11 красавіка 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радые. Паўтор 13.30 на канале “Культура”.