Выстава трох ікон адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі
Выстава трох ікон са збораў найбуйнейшых музеяў Беларусі - Полацка, Гродна і Мінска, прымеркаваная да 1025-годдзя Хрышчэння Русі, праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.
Беларускія музеі беражліва захоўваюць помнікі праваслаўнай культуры і знаёмяць з імі шырокага гледача. Іконы, прадстаўленыя на выставе, адлюстраваны на паштовым блоку, выдадзеным у гэтым юбілейным годзе Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Белпошта”.
Ікона XVIII стагоддзя «Святая Троіца» з Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка уяўляе адзін з вядомых варыянтаў увасаблення ў іканапісе найважнейшага догмату хрысціянства аб траічнасці бажаства. У іконе знайшлі адлюстраванне асаблівасці беларускага іканапісу XVIII стагоддзя. Яна гарманічна спалучае ў сабе іканапісную традыцыю з выдатным акадэмічным жывапісам. “Троіца” з Полацка адрозніваецца выразнай кампазіцыяй (можна адзначыць аддаленае падабенства з гравюрай з “Бібліі Піскатара”), майстэрскім малюнкам і незвычайным для ікон тонкім празрыстым каларытам.
Ікона “Спас Уседзяржыцель” са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Увасобленая ў вобразе Збавіцеля духоўная глыбіня, спалучаецца з вытанчанасцю пластыкі і гарманічнасцю каларыту, выкарыстаннем дэкаратыўнага эфекту фону, што ставіць ікону у шэраг лепшых твораў беларускай школы XVIII ст.
Ікону “Не рыдай Мяне, Маці”, напісаную ў сярэдзіне XIX стагоддзя, прывязлі з Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.
Пазнаёміцца з арыгіналамі знакамітых твораў беларускай іканаграфіі можна да 26 жніўня.
Адрас: г. Минск, вул. Леніна, 20. Час працы: 11.00 - 19.00. Каса - 11.00 - 18.30. Выхадны - аўторак. / sobor.by/ Па матэрыялах artmuseum.by (просмотров 3213)