14 верасня-26 кастрычніка ў Мінску пройдзе цыкл беларусазнаўчых сустрэч "Беларусь-terra incognita"
З 14 верасня па 26 кастрычніка мінчан запрашаюць прыняць удзел у цыкле беларусазнаўчых сустрэч "Беларусь-terra incognita", якія дазволяць глыбей спасцігнуць культуру і гісторыю нашай краіны ад старажытнасці да сенняшняга часу.
Прапанаваны цыкл заняткаў уключае ў сябе 7 асноўных тэматычных сустрэч-лекцый па гісторыі Беларусі, беларускай мове, краязнаўстве, рэлігіязнаўстве і традыцыйнай беларускай культуры ад найлепшых беларускіх гісторыкаў, археолагаў, музейшчыкаў, рэлігіязнаўцаў, а таксама выязныя лекцыі, вандроўкі па Мінску і Беларусі, майстар-класы.
Атрыманыя веды пашыраць кругагляд, адкрыюць унікальнасць нашай краіны і стануць падмуркам для фармавання асабістага светапогляду на падставе беларускага духоўнага, культурнага, інтэлектуальнага патэнцыялу.
Заняткі будуць праходзіць па аўторках з 18.30 у корпусе Духоўнай асветы ля храма святой Марыі Магдаліны з 14 верасня.
Тематыка сустрэчаў:
14 верасня. Лекцыя 1
Хто мы? Гісторыя Полацкага і Тураўскага княстваў як пачатку беларускай дзяржаўнасці
Хто мы – крывічи, літвіны, беларусы? Гістарычныя вехі: Полацкае і Тураўскае княствы. Чаго мы не ведаем пра Рагнеду і Рагволода, Усяслава Чарадзея і Ефрасінню Полацкую. Загадкі Крыжа Ефрасінні Полацкай
Лектар: Сяргей Тарасаў — гісторык, археолог, пісьменнік, кандыдат гістарычных навук.
21 верасня. Лекцыя 2
Вялікае Княства Літоўскае ад велічы да правінцыі (сярэдзіна 13 – канец 18 ст.)
Узнікненне і ўмацаванне ВКЛ, этнічныя чыннікі дзяржавы (13 - 14 ст.). Шлях да велічы (15 ст.). "Пагоня ў цені белага арла" пасля Люблінскай уніі (16-17 ст.). Шлях да ўпадку (18 ст.)
Лектар: Аляксандр Краўцэвіч – вядомы гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар.
28 верасня. Лекцыя 3
Беларусь падчас Расійскай імперыі
Мы даведаемся:
- як зусім па-рознаму ўспрымалі нашыя землі расейскія імператары;
- якім чынам зберагаліся памяткі мінулага ў той час;
- як мянялася палітыка на нашых землях;
- чаму і якім чынам перастала ў гэты час афіцыйна ўжывацца назва "Беларусь";
- пра паўстанні на беларускіх землях у азначаны час і рэакцыю на іх уладаў;
- пра пачатак беларускага Адраджэння.
Вядоўца возьме самыя цікавыя рарытэты са сваёй музейнай калекцыі. Можна будзе патрымаць у руках гістарычныя памяткі мінулага. Сярод таго, што Вы ўбачыце: першыя беларускія газеты, манеты, геральдыка таго часу і шмат што іншае.
Лектар: Павел Каралёў – гісторык, музеязнаўца, экскурсавод.
5 кастрычніка. Лекцыя 4
Мова нашай краiны
На якой мове размаўлялі нашыя продкі? Мова Статуту ВКЛ. Мова Бібліі Францыска Скарыны. Гісторыя развіцця беларускай мовы.
- у чым асаблівасць і чым багаты кожны рэгіён Беларусі (Панёманне, Падняпроўе, Палессе і інш.);
- самыя незвычайныя факты пра нашую краіну;
- святыні Беларусі, самыя важныя помнікі беларускай культуры.
- дазнаемся пра самыя адметныя фестывалі і святы розных рэгіёнаў краіны.
Вядоўца возьме самыя цікавыя рарытэты са сваёй музейнай калекцыі. Можна будзе патрымаць у руках гістарычныя памяткі мінулага.
Лектар: Павел Каралёў – гісторык, музеязнаўца, экскурсавод.
19 кастрычніка. Лекцыя 6
Рэлігійныя асаблівасці ў Беларусі
Распаўсюджванне хрысціянства, прычыны з’яўлення каталіцкай місіі, пратэстантызму. 240 гадоў Уніі. Міжканфесійныя і міжрэлігійныя стасункі і ўзаемадзеянні з беларускімі мусульманамі ды юдэямі.
Лектар: Гаранскі Андрэй – выкладчык тэалогіі і рэлігіязнаўства, магістр багаслоўя.
26 кастрычніка. Лекцыя 7
Традыцыйная беларуская культура
Як апраналіся нашы продкі. Беларускае народнае адзенне, знаёмства з народнымі рамёствамі – вышыўкай, ткацтвам, карункапляценнем, стварэннем упрыгожванняў. З якіх геаметрычных элементаў складаўся беларускі арнамент. Адметнасці народнага адзення ў розных мясцовасцях Беларусі. Сучаснае жыццё беларускага народнага адзення.
Каляндраны цыкл святаў: дзяды, каляды, гуканне вясны, валачобніцтва, купалле і г.д.
Па жаданні слухачоў для больш паглыбленага вывучэння прапанаваных ведаў магчымая арганізацыя дадатковага цыклу заняткаў па тэмах:
- Знакавыя гістарычныя асобы Беларусі;
- Праваслаўнае царкоўнае маствацтва Беларусі з 10 па 21 ст;
- Сабор беларускіх святых, Святыя навамучанікі 20 стагоддзя;
- Дойлідства Беларусі праз стагоддзi.
Планаваныя выязныя заняткі:
Полацк з Сяргеем Тарасавым;
“Да вытокаў Менску” да старажытнага Гарадзішча на рацэ Менка з Сяргеем Тарасавым з наведваннем музея "Стары Менск", створанага вядомым асветнікам Глебам Лабадзенкам.
- Серыя вандровак “Мінскае кола” з Паўлам Каралёвым:
У Ракаве – наведванне музея Фелікса Янушкевіча. На “Хутары дудара” – майстар-клас і канцэрт ад Алеся Лася – мастака, музыкі, рэстаўратара, майстра народных інструмантаў.
“Шляхамі першай сусветнай” Смаргонь - Заброддзе. У Заброддзі наведваем музей першай сусветнай вайны, этнаграфіі і рэтратэхнікі.
А таксама арганізацыя экскурсіяў па Мінску ды іншых цікавых мясцінах Беларусі з Паўлам Каралёвым, Таццянай Хамянковай, Андрэем Гаранскім ды іншымі цікавымі вядоўцамі ў адпаведнасці з запытамі і зацікаўленнямі слухачоў.
Прапанаваныя мастер-классы:
- майстар-клас па народных спевах;
- майстар-клас "Маляваны дыван" ды інш.
Час заняткаў: з 18.30 да 21.00 з перапынкам на кава-паўзу, адзін раз на тыдзень у корпусе Духоўнай асветы па адрасе: Мінск, вул. Кісялёва, 38.
Рэкамендаванае ахвараванне (7 заняткаў) – ад 105 бел. руб.