"Як мы мора шукалі": брацтва Уладзіміра Хіраска звадзіла дзетак з дзетдома ў паход
Напярэдадні свята Нараджэння Божай Маці валанцёры мінскага брацтва ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска разам з двума выхавальніцамі і 11 хлопцамі ва ўзросце 10-17 гадоў з мінскага дзіцячага дома №5 здейснілі паход па маршруту "Мінск-Ратамка-Мінскае мора".
Дабраўшыся раніцай на цягніку да пасёлка Ратамка, падарожнікі адразу накіраваліся ў Свята-Петра-Паўлаўскі прыход, дзе ўжо пачыналася Літургія ў храме св.Мікалая - адзіным у пасёлку.
- Служыў настаяцель храма айцец Аляксандр Міхейчык. У жыцці ён гутарыць па-беларуску! - захоплена кажуць хлопцы. – Яму 78 гадоў, ён адзіны святар у царкве. Ні дыякана, ні панамара – ён усё адзін робіць. І так дасканала і ўважліва!
Моцна ўразіла паломнікаў і царква – драўляная ўнутры. Варта заўважыць, што перад паходам у царкву братчыкі заўжды праводзяць у інтэрнаце лекцыю на тэмы: як паводзіць сябе ў храме і як рыхтавацца да споведзі і прычасця.
Пасля споведзі і службы падарожнікі смачна паснедалі:
- Вялікі дзякуй матушцы Надзеі, якая падрыхтавала для нас стол у мясцовай бібліятэцы! – удзячны яны. - На прыканцы нашай трапезы зайшоў айцец Аляксандр, спытаўся, ці падзякавалі мы Богу за ўсё і благаславіў на дарогу. І пачалося самае цікавае…
Толькі моладзь перайшла чыгуначныя рэйкі, як адчула кроплі дажджу – неба зацягвалі хмары, але спадарожнікі смела накіраваліся да сваёй мэты – прайсці праз вёскі да Мінскага мора і разбіць там лагер. Па дарозе дзеці пачулі гісторыю стварэння Мінскага мора.
- Мы рушылі да лесу, а дождж узмацняўся, а мы ішлі наперад – такая рамантыка! – усміхаецца кіраўнік брацтва Павел Вабішчэвіч.
Але хутка авантурысты заблукалі – зайшлі ў балота. Хто быў наперадзе - апынуўся па калена ў вадзе.
- Тым часам дождж усё мацнеў і мацнеў, а дарога звужалася. Таму мы вырашылі выкарастаць для лагера першае прыстанішча. Зайшлі глыбей у лес і заўважылі ўзгорак вышынёй метраў 15. Каб паглядзець прасторы і зразумець куды ісці, залезлі на яго і ўбачылі сцяжынку да паляны. На ёй былі прыстасаваны лавы і стол і нават падрыхтаваны дровы!
На паляне хлопцы хутка распалілі касцёр, зварылі суп і кашу і, хуценька паеўшы, наскрозь мокрыя пачалі збірацца. Тым часам два энтузіаста з брацтва ў гонар Уладзіміра Хіраска вырашылі знайсці шлях да мора…
- Падсілкаваўшыся, мы прапанавалі схадзіць да мора, паглядзець, якое яно, - узгадваюць яны. – Але з-за стомленасці ніхто не пагадзіўся.
Хлопцы рушылі да мора ўдваіх. І знайшлі яго! Натхнёныя і шчаслівыя, паспяшаліся вярнуцца, каб падзяліцца сцежкаю з астатнімі, але…
- Усе адразу запыталіся – а купацца можна? Пачуўшы адмоўны адказ, дзеці махнулі на мора рукой, - распавядаюць братчыкі.
Падарожнікі пайшлі на чыгуначную станцыю, паспеўшы яшчэ раз наведаць царкву і развітацца з айцом Аляксандрам і яго гасціннай матушкай Надзеяй.
Дзіўна, але даждлівы і насычаны падзеямі дзень не стаміў дзетак, хутчэй наадварот – у цягніку яны ехалі, спяваючы пад баян з гітарай песні з дзіцячых фільмаў, а таксама NRM і “Машыну часу”.
- Дзецям так спадабалася спяваць, што канцэрт наш працягнуўся і ў тралейбусе да дзіцячага дома. Паход падарыў ім столькі эмоцый, што ўжо ў інтэрнаце, павесіўшы сушыць свае рэчы, яны запрасілі нас згуляць у футбол! – здзіўлены Павел. – На жаль, мы адмовіліся, бо хлопцам трэба было рыхтавацца да школы.