Заключны этап маршруту духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” - у праграме “Святло душы”
20 ОКТЯБРЯ 2016 (Четверг) 13:33:48 Парычы сустрэлі хрэсным ходам... Яшчэ здалёк пачуліся званы царквы святой Марыі Магдалены. Калі падышлі бліжэй, пабачылі, што званілі дзве сталыя кабеты... Жанчыны паспяшаліся на малебен, каб часцінку Іерусалімскага Агню прынесці дадому. Далей пра гісторыю парыцкай царквы распавяла яе прыхаджанка Алена. Старадаўнюю парыцкую царкву ў імя Святога Духа збудаваў уладальнік Парычаў Іван Пятровіч Пушчын. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай яго бацьку мястэчка было аддадзена “на вечное и потомственное владение”. Хаця яно мела сваю даўнюю гісторыю, у 19 стагоддзі Пушчыны ўпісалі ў яе новыя старонкі. У 1860 годзе сын Івана Пятровіча Міхаіл Іванавіч пачаў будаўніцтва новай каменнай царквы на беразе Беразіны. У тым жа годзе ў прысутнасці Мінскага архіепіскапа Міхаіла па ініцыятыве Марыі Якаўлеўны Пушчынай было адкрыта Парыцкае духоўнае вучылішча. Менавіта гэта сям'я аказалася звязанай з Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным, пра што нам расказалі ў светлагорскім краязнаўчым музеі. Светлагорск, які знаходзіцца за 30 кіламатраў ад Парычаў, аказаўся прыветлiвым сучасным горадам. Акружаныя сасновым борам шырокія людныя вуліцы.... На захадзе сонца, калі запальваюцца агні, а жыхары спяшаюцца закончыць свае звычайныя справы, ён асабліва ўтульны. Так нам падалося, калі ўвечары з хрэсным ходам, ішлі да велічнай Праабражэнскай царквы. Раніцай у музеі нам распавялі, як Светлагорск нарадзіўся. Ганарацца тут і даўнішнімі землякамі. У музеі ёсць куточак прысвечаны Іосіфу Гашкевічу. Слынны ўсходазнаўца нарадзіўся ў 1814 годзе ў сям'і святара, параднёнай са святым Іаанам Кармянскім. Іосіф займаўся ў Мінскім духоўным вучылішчы, потым закончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію. У 1839 годзе паступіў у Рускую духоўную місію, якая накiроўвалася ў Кітай. У гэтый краіне Іосіф Гашкевіч правёў дзесяць гадоў і вывучыў акрамя кітайскай, карэйскую і мангольскую мовы. Па вяртанні ў Пецярбург, яго, як знаўцу ўсходніх моў, запрасілі ў Міністэрства замежных спраў. У хуткім часе Іосіф Гашкевіч трапіў перакладчыкам на фрэгат “Палада”, які адплываў ў Японію для наладжвання дыпламатычных і гандлёвых зносін. Гэтае шматгадовае падарожжжа апісана ў аповесці рускага пісьменніка Івана Ганчарова “Фрэгат Палада”, які аказаўся ўдзельнікам місіі. Ён узгадвае пра Іосіфа Гашкевіча як віртуознага перакладчыка, чалавека добрага і мяккага, які "невозмутимо покоен в душе и со всеми всегда одинаков…". Шмат прыгод паспытаў Іосіф Гашкевіч у Японіі і нават трапіў у палон. Аднак потым стаў першым рускім консулам у гэтай краіне. Іосіф Гашкевіч заклаў першы ў Японіі праваслаўны храм і звярнуўся да Сінода з просьбай, каб у яго быў прызначаны святар з вышэйшай духоўнай адукацыяй. У 1861 годзе сюды прыбыў іераманах Мікалай Касаткін, будучы асветнік Японіі святы роўнаапостальны Мікалай Японскі. Па вяртанні на радзіму апошнія гады жыцця правёў у сваім маёнтку паблізу Астраўца. Шмат гадоў прайшло, але і зараз памяць пра першага рускага консула захоўваюць у краіне ўзыходзячага сонца, яго імем названы адзін з заліваў Японскага мора... Дарэчы, на гербе Светлагорска намалявана сонейка, вельмі падобнае на сонца Скарыны. Вось такія сонейкі нам падаравалі дзеткі са светлагорскага прытулку. На зыходзе лета тут аказаліся толькі тры дзіцяці. Разам з намі наведаць дзетак прыйшла Марыя Іванаўна Грыб - залаташвачка, якая майструе царкоўнае адзенне для святароў і епіскапаў. У экспедыцыі, калі мы наведваем новыя храмы, яна дорыць святыням царкоўныя ўпрыгожванні, зробленыя сваімі рукамі. Гледзячы на дзетак, Марыя Іванаўна раптам прызналася, што гэтай справай занялася пасля трагічнай гібелі сына. Паблізу Жлобіна экспедыцыю вітаюць званы царквы ў гонар Серафіма Сароўскага... Святыню апякае ўраджэнец Жлобіна епіскап Ніжагародскі і Арзамаскі Георгій. Нядаўнім яго дарункам стаў спісак з іконы Божай Маці “Скоропослушница”, які прывезлі са Святой Гары Афон. Духоўным сэрцам Жлобіна доўгія гады заставалася цяперашняя царква ў гонар святога Васілія Вялікага. Тут мы надоўга затрымаліся ў чаканні цырымоii перадачы Святога Агню. Наспеў час паразмаўляць з яе настаяцелем Вячаславам Рабіцам. Слухайце праграму “Святло душы” 22 кастрычніка ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. / sobor.by/ (просмотров 6240) |
Новости разделов: