Лунін-Кажан-Гарадок-Гоцк. Па шляху 28-й духоўна-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святынь"
19 АПРЕЛЯ 2022 (Вторник) 19:34:14 Ёсць Лунінец, а непадалеку аграгарадок Лунін з багатай і адметнай гісторыяй. Ля Лунінскай Барысаглебскай царквы віталі галасістыя палескія кабеты.Лампаду са Святым Іерусалімскім Агнем наша экспедыцыя прыносіць у лунінскі храм. Лунінчане запальваюць свечкі ад нашай Лампады, і людская ручаіна пакідае стары храм, расцякаючыся па вуліцах гарадка. Пра гісторыю храма гутарым з настаяцелем айцом Анатолем Равуцкім. Калі ў 1964 годзе Барысаглебскую царкву ў Луніне закрывалі, стары святар Аляксандр Плешка аддаў мясцоваму кавалю і апантанаму краязнаўцу Васілю Карпяцу кнігі з царкоўнай бібліятэкі. Самі па сабе яны мелі каштоўнасць, бо здаўна збіраліся тутэйшымі святарамі. Аднойчы сябра дзяцінства наведаў ваенны журналіст Мікалай Елянеўскі, а потым тыя кнігі дасталіся яму ў спадчыну. Сярод рарытэтаў знайшліся царкоўна- прыхадскія кнігі, якія веў святар Платон Ціхановіч. З гэтага своеасаблівага летапісу можна было прасачыць лес тутэйшых сялянскіх родаў, іх заняткі і побыт. Дый сам айцец Платон аказаўся чалавекам незвычайным - настаўнікам, мовазнаўцам і аўтарам першай беларускай Граматыкі. Памятная дошка ў гонар яе выпускніка пісьменніка і краязнаўца Мікалая Елянеўскага ля ўвахода ў лунінскую школу. Ен пакінуў багатую кніжную спадчыну, добрую памяць, напісаў дакументальную аповесць "Время пастыря" пра Платона Ціхановіча і стаў заснавальнікам літаратурнага фестывалю "Лунінская восень". Першая "Лунінская восень" адзначала 150 - годдзе школы, заснавальнікам якой стаў Платон Ціхановіч. Ен нарадзіўся ў палескай весачцы ў сям'і святара ў 1836 годзе. З поспехам скончыў Мінскую духоўную семінарыю, якія давала грунтоўныя веды не толькі па багаслоўскіх навуках, але і па мовазнаўстве, сельскай гаспадарцы, бо многія выпускнікі потым былі вясковымі святарамі. Мінскае Кірыла-Мяфордзіеўскае брацтва, членам якога стаў Платон Ціхановіч, імrнулася да адкрыцця царкоўна-прыхадскіх школ і народных вучылішч, каб несці дзецям сялян духоўную асвету. Прычым, тады разгарэлася нават палеміка: на якой мове весці заняткі - на рускай ці мясцовай? Трапіўшы ў Лунін, малады святар ў 1864 годзе адкрывае школу і вядзе ў ей Закон Божы і ўрокі пісьменства. Як паляшук Ціхановіч добра ведае асаблівасці тутэйшай мовы і пачынае складаць Граматыку, заснаваную на мясцовым дыялекце з яе рускім перакладам. Нас сустракае Кажан-Гарадок. Месцічы кажуць: назва абавязана тутэйшым майстрам, якія ведалі сакрэты вырабу скуры. Здаецца, тут жылі і адметныя дойліды, бо тутэйшая Мікалаеўская царква -жамчужына Палесся. Велічны храм на высокім кургане, як магутная птушка, імкнецца да блакіту нябесаў. Кажуць, палеская прыгажуня пабудавана без адзінага цвіка, а ў яе прасторы легка дыхаецца. Позірк імкнецца да выяў анелаў на калонах у вышыні, затрымліваецца на дзіўным разным іканастасе, старадаўніх іконах, сярод якіх вылучаецца храмавая- Міколы Цудатворца. Есць ў Кажан-Гарадку і свае паданні. Напрыклад, пра дуб Міцкевіча, якому бадай 500 гадоў. Кажуць, паэт прыяжджаў да тутэйшага гаспадара Шчыта. І пра святога Мікалая есць казанне: быццам жанчына, якой нечым было карміць дзетак, пайшла тапіцца. На яе шляху сустрэўся старац, які загадаў вяртацца дадому, бо ўсе будзе добра. У хаце, зірнуўшы на ікону святога Мікалая, яна прызнала таго самага незнаемца. На месцы сустрэчы, пры дарозе, жанчына пабудавала капліцу, якая дзейнічае дагэтуль. На скрыжаванні дарог Салігорск - Хорастава экспедыцыю сустракаюць гаспадары раена. Падыходзім са Святым Агнем і кветкамі да помніка братам Цубам, адзін з якіх паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. Гэта здарылася ў лютым 1943 года, калі гітлераўцы праводзілі аперацыю супраць партызанскіх злучэнняў. Народныя мсціўцы з баямі адступалі ў палескія лясы разам з жыхарамі вескі, а браты Іван і Міхаіл Цубы, чамусьці затрымаліся. Магчыма думалі, што фашысты не будуць чапаць старых людей, а можа проста не паспелі. Гітлераўцы, зайшоўшы ў веску, схапілі братоў і загадалі паказаць дарогу да партызан. Міхаіл адмовіўся і яго адразу забілі, а Іван завеў фашыстаў у непралазную багну ля Лань- ракі. У гонар братоў веску, у якой яны жылі, назвалі Цубы, а на скрыжаванні дарог паўстаў помнік, на якім яны разам, як ў апошія часіны жыцця. Вечарэла, калі завіталі ў Гоцк, у паветры адчуваўся подых восені. Па вуліцы аграгарадка хрэсным ходам, з месцічамі, ішлі да царквы ў гонар Параскевы Пятніцы. А пасля нас чакалі ў тутэйшым Доме культуры, каб расказаць пра літаратурныя здабыткі Салігоршчыны. Слухайце праграму "Святло душы" 16 красавіка ў 7.30 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Паўтор 17 красавіка на канале "Культура" ў 17.30. /sobor.by/ На фота Барысаглебская царква ў Луніне /ПЕРВЫЙ НАЦИОНАЛЬНЫЙ КАНАЛ БЕЛОРУССКОГО РАДИО/ (просмотров 2544) |
Новости разделов: