27 лістапада 2011 года споўніцца 120 год з дня народзінаў Максіма Багдановіча. А днём раней (26 лістапада) будзе 156 гадоў, як пайшоў з жыцця Адам Міцкевіч. Напэўна, у гэтыя дні трэба ўзгадаць нашых славутых паэтаў ды мысляроў.
Максім Багдановіч
*** Прывет табе, жыццё на волі! Над галавой — дубоў павець, Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець.
Лахмоцці ценяў на палянах Схаваўшы золата, ляжаць; Яго слаі з-пад дзір парваных Аж зіхацяць.
А к ночы свой чырвоны веер У небе сонца развярне, І разварушаны ім вецер У даль памкне.
Калі жа пабляднее золак І цёмнай зробіцца вада Заззяе серабром іголак Зор грамада.
І роўна мілымі зрабіцца Здалеюць яркі блеск і цень, Той дзень, што мае нарадзіцца, І знікшы дзень.
* * * Добрай ночы, зара-зараніца! Ўжо імгла над зямлёю лажыцца, Чорнай рызай усё пакрывае, Пылам зор небасхіл абсявае. Цішыня агартае мне душу. Вецярок прыдарожную грушу Ледзьве чутна варуша-калыша, Міла бомы сьмяюцца у цішы, Ціха срэбрам грукае крыніца. Добрай ночы, зара-зараніца!
ЗІМОВАЯ ДАРОГА
Шпарка коні імчацца ў полі, Сумна бомы гудзяць пад дугой, Запяваюць аб долі і волі, Навяваюць у сэрцы спакой.
Ўюцца змейкай срабрыстай дарожкі, Брызгі золата ў небе блішчаць, І маркотныя месяца рожкі Праз марозную мглу зіхацяць. Поле нікне ў срэбным тумане, Снег блішчыць, як халодная сталь, І лятуць мае лёгкія сані, Унашуся я ў сінюю даль.
ЗІМОЙ
Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег! Мяцель не вее, сціхнуў вецер, І волен лёгкіх санак бег. Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць. У небе зоркі ад марозу Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле Празрысты светлы стоўп спусціў І рызай срэбнаю раздолле Снягоў сінеючых пакрыў. Ўзрывайце ж іх санямі, коні! Звіні, вясёлых бомаў медзь! Вакол лятуць бары і гоні, Ў грудзях пачала кроў кіпець.
Адам Міцкевіч
Сьмерць палкоўніка
На палянцы зялёнай, між думных бароў, Дзе пад клёнам хацінка старая, Бы застыў у зняменні атрад ваяроў: Іхні там камандзір памірае.
Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот. Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай, Раз яму спагадае так просты народ, Пра яго ўсё пытае ды плача.
Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў І прывесці бліжэй да парога. Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў Ён на друга свайго баявога.
Загадаў свой прынесці паходны мундзір, Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі. Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір, Развітацца, як колісь Чарнецкі.
А калі ўжо ад хаты каня адвялі, Ксёндз туды увайшоў з панам Богам. Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі, Ціха ўкленчыўшы перад парогам.
Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах. Нават воі Касцюшкі былыя, Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях, Слёз сваіх не хавалі, сівыя.
Раным-рана ў капліцы званіць пачалі. Ды хаваць камандзіра жаўнеры Не змаглі: наляцелі якраз маскалі… У капліцы для ўсіх – насцеж дзверы.
Там ляжаў ён на лаве – ў спакоі чало. У руках яго – крыж, збоч – нягнуткі Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі – сядло. Люд дзівіўся: такі маладзюткі!
Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі… Хто ж мог знаць, што баёў завадатар Быў… дзяўчынай! Была – слёз не трэба, жанкі - То ліцвінка Эмілія Плятэр! (Пераклаў з польскай Кастусь Цвірка)
_________________ Хай прыйдзе Валадарства Твае, як спатоля, хай Твая ўсёўладарная збудзецца воля як на небе, гэтак і на зямлі.
|